Хлопца з шунтам праз усё цела такі прызналі непрыгодным да войска
Фота носіць ілюстрацыйны характар / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё
23-гадовага Міхаіла Праваторава з Мінска, які жыве з гідрацэфаліяй, такі прызналі непрыгодным да службы ў войску. Пра гэта 10 кастрычніка Еўрарадыё паведаміла яго маці Аліна Праваторава. Яшчэ дзевяць дзён таму хлопцу, які жыве з шунтам ад галавы да пупка, пагражала служба з абмежаваннямі.
"Сын прайшоў усіх дактароў на дадатковым абследаванні, — кажа Аліна. — 8 кастрычніка ён занёс у медкамісію ўсе даведкі і заключэнні, якія ў яго былі, дзе яму сказалі, што справу перададуць начальніку прызыву. Сёння я з ім сустрэлася. Мне паведамілі, што ў сына павестка: 27 кастрычніка ён павінен з'явіцца ў ваенкамат і атрымаць ваенны білет. Па выніках абследавання яго прызналі непрыгодным да службы ў войску".
Пра тое, як маці змагалася за сына
1 кастрычніка Аліна напісала ў "Фэйсбуку" пост, у якім расказала, што сына могуць забраць служыць. Маці падрабязна апісала, як змагалася за дзіця з першых дзён яго жыцця і якімі намаганнямі ўдавалася падтрымліваць стан яго здароўя ў норме. Яна перажывала, што ў войску не будзе прыдатных умоў і Міхаілу стане горш. Жанчына прасіла дапамагчы.
"У распараджэнне ваенных дактароў грамадзянін трапляе, ужо калі ён прызваны і служыць, — напісала ў каментарыях прэс-аташэ міністра абароны Беларусі Наталля Гаўрусік. — Вось тады армія адказвае за яго здароўе, адсочвае стан і, калі ступень прыгоднасці па здароўі прызыўніка змяняецца, яго зноў абследуюць. І калі вызначана, што ён стаў непрыгодным да службы, яго звальняюць у запас. Ні ваенкам, ні міністр абароны вам не змогуць дапамагчы ў гэтай сітуацыі, таму што ваш сын пакуль не служыць".
У ваенкамаце начальнік аддзела прызыву сказала Аліне, што ў такіх сітуацыях лепш адразу ісці ў ваенкамат і задаваць пытанні спецыялістам, а не звяртацца да сяброў у "Фэйсбуку".
"Дрэнна, што мы наогул нічога не ведаем"
Аліна тлумачыць, што чалавек, які ніколі не сутыкаўся з падобнай сітуацыяй, не ведае, што рабіць. Хочацца хутчэй дапамагчы дзіцяці і вырашыць праблему, але знайсці алгарытмы, як рабіць гэта правільна, яна не змагла.
"Дрэнна, што мы наогул нічога не ведаем, — кажа Аліна. — У прынцыпе, падыходзіць і задаваць пытанні, прасіць пра дапамогу — гэта нармальна".
З гэтай гісторыі маці Міхаіла зрабіла дзве высновы, якія могуць быць карыснымі будучым прызыўнікам і іх бацькам. Па-першае, калі вы праходзіце кансультацыі, абследаванні, здаяце аналізы ў прыватных клініках, усё гэта павінна быць зафіксавана ў гарадской паліклініцы па месцы жыхарства. Неабходна прыходзіць да доктара і сачыць за тым, каб ён унёс звесткі ў картку. Калі такой інфармацыі не будзе, у ваенкамаце не змогуць зразумець, што ў хлопца ёсць праблемы са здароўем і якія гэта праблемы. Выпіскі для ваенкамата выдаюць менавіта дзяржаўныя паліклінікі.
Па-другое, можна сапраўды прыйсці са сваімі пытаннямі да начальніка аддзела прызыву і атрымаць кансультацыю, таму што, па словах Аліны, "найбольш поўная інфармацыя пра прызыў сканцэнтраваная ў яго". На ўваходзе ў ваенкамат вісіць расклад кабінетаў спецыялістаў і іх гарадскія тэлефоны. Можна проста патэлефанаваць і дамовіцца аб сустрэчы.