38 арганізацыяў у Беларусі завінаваціліся па заробках
За 38 арганізацыямі Беларусі на 1 лістапада лічыцца пратэрмінаваная запазычанасць па заробках. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Агульная сума запазычанасці склала 7,4 мільёна рублёў.
Найлепш сітуацыя выглядае ў Брэсцкай вобласці — тут прадпрыемстваў-даўжнікоў зусім няма. У Віцебскай вобласці такая арганізацыя толькі адна (116,2 тысячы рублёў), у Гомельскай — дзве (1362,8 тысячы рублёў), у Гродзенскай — тры (121,9 тысячы рублёў). За дзевяцю прадпрыемствамі Мінскай вобласці налічваецца запазычанасць у 2 339,7 тысячы рублёў, за 11 даўжнікамі Магілёўшчыны — у 436,7 тысячы рублёў. Першае месца трымае сталіца: 12 мінскіх арганізацый пратэрмінавалі выплату заробкаў на 2 991,2 тысячы рублёў.
Статыстыку па пратэрмінаваных заробках Белстат складае раз у квартал. Напрыклад, на 1 жніўня 39 арганізацыяў краіны завінаваціліся 7,1 мільёна рублёў.