75-гадовага Барыса Хамайду арыштавалі на 15 сутак
Барыс Хамайда / nashaniva.com
75-гадовага дэмакратычнага актывіста Барыса Хамайду асудзілі на 15 сутак арышту, піша "Наша Ніва". Прысуд быў вынесены судом Верхнядзвінскага раёна.
Сябры і знаёмыя не ведаюць, паводле якога менавіта артыкула пакаралі віцебскага актывіста. Блізкіх сваякоў, якія маглі б даведацца афіцыйную прычыну арышту, у Хамайды няма.
У тэрмін прысуду ўвойдуць трое сутак, якія Хамайда ўжо адбыў за кратамі. Адбываць тэрмін ён будзе, найхутчэй, у наваполацкім ІЧУ.
Яго затрымалі 28 ліпеня каля 11:30 на пероне чыгуначнай станцыі Бігосава. 75-гадовы актывіст планаваў паўдзельнічаць у пілігрымцы — прайсці пешшу 10 км ад Бігосава да Росіцы. Там ён з іншымі пілігрымамі меўся ўшанаваць памяць ксяндзоў-марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, спаленых у 1943 годзе разам са сваімі парафіянамі ў мясцовым касцёле.
Нагодай для затрымання стала вокладка з "Пагоняй" на пашпарце Хамайды. Яе выявілі ў дызель-цягніку памежнікі, якія правяралі ў пасажыраў у памежнай зоне пашпарты (Бігосава і Росіца знаходзяцца на беларуска-латышскім памежжы). Яны не сталі слухаць тлумачэнні Хамайды, што "Пагоня" ёсць нават на афіцыйным гербе Віцебскай вобласці, а перадалі яго міліцыянтам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.