Абаронцы Курапатаў збіраюцца несці зварот у Адміністрацыю прэзідэнта
Абаронцы Курапатаў абвясцілі пра шырокую кампанію байкоту рэстарана "Поедем поедим". Пра гэта сустаршыня аргкамітэта партыі БХД Павел Севярынец заявіў на імправізаванай прэс-канферэнцыі 18 ліпеня.
Акрамя забаўляльнай установы каля Курапатаў плануецца байкатаваць іншыя рэстараны Зайдэса. Напрыклад, у чацвер, 19 ліпеня, плануецца правесці байкот рэстарана "Гранд Кушавель" у Мінску.
Таксама абаронцы Курапатаў звярнуліся да пастаўшчыкоў прадуктаў у рэстаран "Поедем поедим", каб яны адмовіліся ад супрацы з гэтай установай. Па словах Севярынца, гэта кампаніі "Лідскае піва", "Vino&Vino", "Марозпрадукт", "Е-дастаўка".
Асобны зварот прыняты да кіраўнікоў рэлігійных канфесіяў у Беларусі. Акрамя таго, абаронцы Курапатаў рыхтуюць зварот у Адміністрацыю прэзідэнта наконт забаўляльнай установы каля Курапатаў.