Абаронцы птушак заклікаюць не адстрэльваць мядзведзя на Віцебшчыне
Грамадскія арганізацыі "Багна" і "Ахова птушак Бацькаўшчыны" выступаюць супраць прапановы паляўнічай супольнасці адстрэліць мядзведзя ў Віцебскім раёне. Пазіцыя ўключае экспертныя каментары заолагаў і накіравана ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.
Здарэнне адбылося ў ноч з 23 на 24 сакавіка ў вёсцы Пукшына Віцебскага раёна. Як паведамляла Еўрарадыё, тры мясцовыя жыхары кармілі мядзведзя сочывам. Адзін з іх вырашыў зрабіць сэлфі з жывёлай, але мядзведзь напаў на яго.
3 красавіка прадстаўнікі экалагічных арганізацый наведалі месца канфлікту чалавека і мядзведзя, каб высветліць дэталі інцыдэнту. Галоўны ляснічы Суражскага лясгаса Аляксандр Маскалёў распавёў, што мясцовы паляўнічы некалькі разоў пакідаў кавалкі мяса на ўскраіне лесу, каб прывабіць ваўкоў. Аднак акрамя іх у нейкі момант на гэтую прынаду стаў прыходзіць мядзведзь. Гэта і стала пачаткам гісторыі ў вёсцы Пукшына.
Спецыялісты з Украіны і Расіі па паводзінах мядзведзяў (кандыдат біялагічных навук Марына Шквіра і навуковы супрацоўнік Цэнтральна-Ляснога дзяржаўнага запаведніка Сяргей Агурцоў) лічаць, што мядзведзя прыкармілі, парушыўшы тэхніку бяспекі пражывання ў месцах рассялення драпежніка. Канфлікт з жывёлай узнік праз устойлівую харчовую сувязь, якую мядзведзь набыў раней. Адным з абавязковых крокаў у гэтай сітуацыі мусіць стаць поўная забарона на прыкормліванне драпежніка, правільная ўтылізацыя харчовых адкідаў, а таксама адпужванне мядзведзя ад вёскі.
У Беларусі жыве каля 100-120 асобін мядзведзя. Гэта рэдкая жывёла, яна мае другую катэгорыю аховы ў Чырвонай кнізе Беларусі. Таксама мядзевдзі ўнесеныя ў Чырвоныя кнігі суседніх краін — Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны.