Абхазскі тупік: "Якія пратэсты ― хто ў наш час слухае людзей?!"

Абхазскі тупік: "Якія пратэсты ― хто ў наш час слухае людзей?!"

Незалежнай ад Грузіі Абхазія лічыць сябе з 1992 года. У якасці замацавання статусу суверэннай краіны ўлады Абхазіі на сваіх межах выбудавалі ўсю неабходную інфраструктуру: калючы дрот, памежнікі, кантрольна-прапускныя пункты… Праўда, такую "дзяржаўную" мяжу абхазцы зрабілі толькі з грузінскага боку: з Расіяй у Абхазіі мяжа такая ж, як і ў Беларусі. Інакш кажучы, няма ніякай. Ну, і яшчэ адно выключэнне: беларускую мяжу, у адрозненне ад "абхазска-грузінскай", не ахоўваюць расійскія памежнікі.

Даведка “Еўрарадыё”:

У 1990 годзе Абхазская ССР была абвешчаная суверэннай Абхазскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Імкненне да незалежнасці прывяло да ўзброенага канфлікту паміж Абхазіяй і грузінскім кіраўніцтвам, які працягваўся два гады ― з 1992 па 1993 год. 30 верасня 1993 года войскі Грузіі былі выцесненыя з тэрыторыі Абхазіі за раку Інгуры. У Абхазію быў уведзены міратворчы кантынгент СНД, які складаўся, галоўным чынам, з расійскіх вайскоўцаў. Незалежнасць не была прызнаная кіраўніцтвам Грузіі, якое лічыць Абхазію часткай грузінскай тэрыторыі. Незалежнасць Рэспубліка Абхазія не прызнавалася нікім да расійска-грузінскай вайны 2008 года ў Паўднёвай Асетыі. Пасля Абхазія была прызнаная Расіяй, як і іншымі дзяржавамі-членамі ААН: Нікарагуа, Венесуэлай, Нуару і, 29 мая 2018 года, Сірыяй. Вануату і Тувалу (якія спачатку таксама прызналі незалежнасць Абхазіі, а пазней адмовіліся ад гэтага прызнання). Беларусь незалежнасць Абхазіі не прызнае.

У выніку вайны з тэрыторыі Абхазіі выехала каля 200 тысяч этнічных грузінаў. Сыходзілі перакананыя ўладамі Грузіі ў хуткім вяртанні ў родныя дамы ― практычна нічога з сабой не ўзяўшы. Прайшло 25 гадоў, але вярнуцца так і не атрымалася. Больш за тое, у іх сёння нават няма магчымасці наведаць мясціны, дзе прайшло іх дзяцінства і дзе пахаваныя іх родныя і блізкія. Чаму?

Мяжа паміж Абхазіяй і Грузіяй аднабаковая: калі на абхазскім баку ёсць і памежнікі з сабакамі, і кантрольна-прапускны пункт, і пашпартны кантроль, то з грузінскага нічога гэтага няма ― стаяць толькі звычайныя паліцэйскія. Яны прапускаюць без аніякага кантролю ці дагляду ўсіх, хто ідзе ці едзе як з Абхазіі ў Грузію, так і наадварот. Але патрапіць на тэрыторыю Абхазіі з Грузіі могуць толькі ўладальнікі абхазскіх альбо расійскіх пашпартоў. Нікога іншага расійскія памежнікі не прапускаюць.

Абхазскі тупік: "Якія пратэсты ― хто ў наш час слухае людзей?!"
Кантрольна-прапускны пункт на абхазскім баку, фота Змітра Лукашука

На пераход "Інгур", які звязвае Абхазію і Грузію, прыязджаем адвячоркам. Раней такіх пераходаў было некалькі, але цяпер застаўся толькі адзін: астатнія абхазскія ўлады ліквідавалі. Паводле афіцыйнай версіі Сухумі, "зачыненыя пункты пропуску былі часовымі, да стварэння адпаведнай інфраструктуры і забеспячэння абсталяваннем асноўнага КПП "Інгур". У Грузіі ўпэўненыя: зроблена гэта было для таго, каб як мага менш абхазцаў наведвалі Грузію і бачылі "перавагі абранага грузінамі шляху развіцця".

 

“Добра было б вярнуцца ў Грузію, але ці такое магчыма…”

 

Па словах грузінскага паліцэйскага, што дзяжурыць ля перахода "Інгур", штодня праз яго ў Грузію і наадварот праходзіць больш за тысячу чалавек. Ідуць пешкам і едуць машынамі. Тых, хто пераходзіць мост пешшу, на іншым баку, за абхазскім кантрольна-прапускным пунктам чакаюць маршруткі ― каб развезці па гарадах і вёсках.

На мосце сустракаю Хатуну з дачкой, якія вяртаюцца з Грузіі. У абодвух у руках ― поўныя сумкі прадуктаў. "Тут усё значна танней", ― прызнаецца Хатуна.

У жанчыны і яе дачкі ― абхазскія пашпарты. Каб прайсці "сваю" мяжу ім, кажа, ніякіх дазволаў ці дакументаў не трэба, а на грузінскім баку і ўвогуле ніякага кантролю няма. Вось і ходзяць сюды за прадуктамі ― прыбытак у сям'і невялікі і даводзіцца эканоміць.

"З працай вельмі цяжка. Раней праца была, а зараз знайсці нешта амаль немагчыма. Жывём на тое, што вырасцім на сваёй зямлі і прададзім", ― скардзіцца Хатума.

Чаму закрылі ўсе астатнія пункту пропуску, жанчына не ведае. Кажа, людзям сваё рашэнне ўлады ніяк не патлумачылі. Пытанне “Чаму не выйшлі на акцыі пратэсту з патрабаваннем не зачыняць пераходы?” выклікае ў абхазкі ўсмешку.

"Якія пратэсты? Хто слухае зараз людзей…"

“Еўрарадыё”: Ці хацелі б вы, каб Абхазія вярнулася ў склад Грузіі?

Хатума: Вельмі добра было б, калі б такое здарылася. Але калі?

Адказ звычайнай жанчыны з Абхазіі вельмі здзіўляе нашага калегу ― грузінскага журналіста. Такіх смелых словаў ён ніяк не чакаў пачуць у адказ.

Абхазскі тупік: "Якія пратэсты ― хто ў наш час слухае людзей?!"
Абхазскі тупік: "Якія пратэсты ― хто ў наш час слухае людзей?!"
Аўтамабілі па масце едуць выключна з абхазскімі нумарамі

"Збег ад вайны ва Украіну, але яна дагнала мяне і там ― давялося зноў бегчы"

 

На грузінскім баку, ля паліцэйскага паста дзяжураць таксісты ― возяць "турыстаў" з Абхазіі ў бліжэйшыя прадуктовыя крамы. Пазіраючы праз Інгур, ля сваёй машыны стаіць Мамука ― 25 гадоў таму ён таксама жыў "за ракой". Але потым пачаліся абстрэлы і ён вымушаны быў пакінуць родны дом. Зразумеўшы, што хутка вярнуцца туды не атрымаецца, паехаў у пошуках лепшай долі ва Украіну ― на Данбас.

"Але вайна мяне і там дагнала ― я ж у Горлаўцы жыў. Давялося зноў кідаць усё, што паспеў нажыць і вяртацца ў Грузію: у Абхазію мяне не пускаюць", ― кажа Мамука.

За час жыцця ва Украіне ён не толькі паспеў пабудаваць новую кватэру, абрасці гаспадаркай, але і атрымаць украінскае грамадзянства. У Мамукі там і дачка нарадзілася. Таму другі раз усё кідаць было вельмі цяжка.

"Да апошняга не з'язджаў. Але калі пачалі снарады падаць у суседніх дварах ― не вытрымаў. Двойчы, атрымліваецца, я ўжо ўцякач. Закрыў на замок кватэру ў Горлаўцы і дом у Нікітаўцы і паехаў у Грузію".

“Еўрарадыё”: Ці ёсць надзея туды яшчэ вярнуцца?

Мамука: Канешне, ёсць. Не, не ў Абхазію ― на гэта надзеі няма. А ва Украіну дакладна вярнуся. Давядзецца… Усё-ткі, я ўсё сваімі рукамі зарабіў. Трэба альбо прадаваць, альбо там жыць…

“Еўрарадыё”: Нават, калі Украіна не верне кантроль над тымі тэрыторыямі?

Мамука: А што рабіць? Галоўнае, каб там паспакайней стала, каб абстрэлаў не было. І тады я альбо сваю маёмасць прадам, альбо, калі яны дадуць мне магчымасць там жыць, буду там жыць.

“Еўрарадыё”: Не баіцеся, што прыедзеце і вас альбо ў "апалчэнне" забяруць, альбо "ў падвал" пасадзяць?

Мамука: Не, я ж там жыў, мяне там калі не кожная сабака, то кожны другі ведае. З усімі тымі мясцовымі "апалчэнцамі" знаёмы ― жылі побач, яны ж усе мясцовыя хлопцы. Яны мне нічога дрэннага не рабілі, я сам не захацеў там больш заставацца. Я вярнуўся б ужо даўно, а тут у мяне другая дачка нарадзілася. Не вазьму ж я на вайну з сабой 8-месячнае дзіцё…

Мамука дакладна ведае, хто вінаваты ў тым, што ён "двойчы ўцякач": "Расія, а хто яшчэ? Дзе яна, там і вайна пачынаецца", ― кажа ён. І выдае "ваенную таямніцу": расійскія салдаты у Данбасе ёсць.

"Я іх бачыў на ўласныя вочы: па 500 чалавек калонамі праходзілі. А адкуль, думаеце, у "апалчэнцаў" уся гэтая ваенная тэхніка, зброя? "Грады", гаўбіцы ― чаго там толькі няма! Ёсць яны там (расійскія салдаты ― “Еўрарадыё”)", ― упэўнена кажа Мамука.

Мужчына з жалем кажа, што як Абхазія ўжо ніколі не вернецца ў склад Грузіі, так і Данбас не стане часткай Украіны. І справа тут не ў жаданні ці не жаданні людзей, а ў вялікай палітыцы, якая з жаданнямі простага чалавека не асабліва лічыцца. “А вось наладзіць добрыя стасункі Абхазіі з Грузіяй і так званых "ЛНР/ДНР" з Украінай цалкам магчыма”, — перакананы Мамука. Іншая справа, як хутка гэта можа здарыцца. Адказу няма ні ў каго.

Абхазскі тупік: "Якія пратэсты ― хто ў наш час слухае людзей?!"
Абхазскі тупік: "Якія пратэсты ― хто ў наш час слухае людзей?!"
Абхазскі тупік: "Якія пратэсты ― хто ў наш час слухае людзей?!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі