Ад нападу быка на Случчыне загінуў чалавек
У вёсцы Маяк Суцкага раёна каля фермы знайшлі труп 54-гадовага вартаўніка. Здарэнне адбылося зранку 24 чэрвеня, паведамляе прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама.
Па словах першага намесніка начальніка Слуцкага РАУС Аляксандра Шаравара, праваахоўнікі разглядаюць версію, што мужчыну смяротна траўмаваў бык. Перад гэтым жывёла нібыта несанкцыянавана пакінула памяшканне фермы. Разам з тым, разглядаюцца і іншыя версіі здарэння.
Дарэчы, яшчэ адно здарэнне з быком адбылося ў той самы дзень у тым жа Слуцкім раёне. У раённую лякарню быў дастаўлены 68-гадовы жыхар вёскі Ячава, якога траўмаваў бык.
Сваякі і суседзі, якія сталі відавочцамі здарэння, распавялі падрабязнасці. Бык пашкодзіў загароду і ўцёк з загона. Мужчына паспрабаваў вярнуць жывёлу на месца, падчас чаго атрымаў траўмы.