Аэрапорт Шапэна пра мапу Польшчы з часткай Беларусі: Нас не так зразумелі
У аэрапорце Шапэна ў Варшаве павесілі банеры з мапай Польшчы ў межах 1939 года, калі ў яе склад уваходзілі заходнія землі Беларусі, заходнія землі Украіны, а таксама Вільня. Цяпер мапу ўжо знялі.
Прэс-сакратар аэрапорта Губерт Вайцяхоўскі распавёў Еўрарадыё чаму такая мапа з’явілася і якія намеры былі ў аўтараў.
Губерт Вайцяхоўскі: “Да Дня незалежнасці Польшчы былі падрыхтаваныя два плакаты. Адзін з межамі Польшчы перад Другой Сусветнай вайной і цяперашнімі. І другі плакат з выявай маршалка Юзэфа Пілсудскага, каб паказаць, што Польшча пасля 123 гадоў вярнула незалежнасць”.
Еўрарадыё: Чаму плакаты ўжо знялі?
Губерт Вайцяхоўскі: Свята незалежнасці скончылася, плакаты віселі каля тыдня, іх знялі ў панядзелак. Цяпер будзе новая рэкламная кампанія.
Еўрарадыё: Разумею, што такім плакатам не вы хацелі пакрыўдзіць украінцаў, беларусаў? А як узнікалі ідэя, чаму такія межы?
Губерт Вайцяхоўскі: Мы хацелі паказаць межы Польшчы перад ІІ Сусветнай вайной, калі Польшча здабыла незалежнасць у 1918 годзе. Але адлюстравалі на плакаце і сучасныя межы.
Падкрэслю, нашы намеры былі памылкова ўспрынятыя. Гэта гістарычныя факты, так выглядалі межы перад вайной. Межы змяняліся. У нас не было інтэнцыі скрыўдзіць каго-небудзь, ні беларусаў, ні ўкраінцаў. Нашы імкненні былі добрыя. На жаль, негатыўна былі ўспрынятыя. Гісторыю маем, якую маем, якую шануем. Гэта цяжкая гісторыя, у ХХ стагоддзі праз Еўропу прайшлі дзве вялікія вайны. Наша краіна, як і ваша, была сцёртая з твару зямлі. І тым больш прыкра, што хтосьці падумаў, што мы камусьці хацелі зрабіць прыкрасць. Мы суседзі і мусім падтрымліваць адзін аднаго.
Еўрарадыё: Праз год будзе сотая гадавіна аднаўлення незалежнасці Польшчы. Ці ўлічыце цяперашні досвед пры падрыхтоўцы чарговай інфармацыйнай кампаніі?
Губерт Вайцяхоўскі: Плакаты будуць іншыя, бо мы не хочам быць монатэматычнымі. Безумоўна, зробім высновы з цяперашняй сітуацыі. Як будзе выглядаць кампанія, не ведаем, але будзем экспанаваць нашы нацыянальныя колеры — гэта дакладна.