Украінку, якая паехала ў Беларусь па аліменты, асудзілі за шпіянаж
Суд
Украінку, якая прыехала ў Беларусь, асудзілі па абвінавачанні ў шпіянажы, паведамляе Радыё "Свабода". Гісторыя жанчыны стала вядомая са зваротаў у КДБ, якія апублікавалі ў інтэрнэце "КіберПартызаны". "Свабода" змяніла сапраўдныя імёны дзеля бяспекі.
У жніўні 2023-га дзве сястры-ўкраінкі паехалі ў Беларусь па сямейных справах разам з дзецьмі. У адной з іх былы муж — беларус, і жанчына хацела забраць у яго аліменты на 14-гадовага сына. Але абедзвюх жыхарак Чарнігава затрымалі праз падазрэнне ў шпіянажы на карысць Украіны.
Украінец Мікола П. звярнуўся ў КДБ Беларусі, каб высветліць, за што затрымалі ягоную жонку Кацярыну, якая суправаджала сястру ў паездцы.
У гутарцы з "Свабодай" мужчына расказаў, што цяпер ягоная жонка ўжо вызваленая і вярнулася дадому: "Ёй інкрымінавалі выведную дзейнасць, шпіянаж. Яна пяць месяцаў сядзела ў ізалятары, але потым яе вызвалілі, нават не ведаю, як гэта адбылося. Бо я ж туды не мог паехаць — жонцы казалі, што калі прыедзе муж, то яго дакладна пасадзім".
А сястру Кацярыны асудзілі на тры гады, бо ў тэлефоне знайшлі здымак вайсковай тэхнікі, які зрабіў сын.
Па словах украінца, сёстры ехалі з Чарнігава ў Гомель, але іх затрымалі неўзабаве пасля перасячэння мяжы. "Сястра Кацярыны сядзела ў ізалятары, а цяпер ужо перавялі ў турму. З улікам таго, што адседзела ў ізалятары, лічыцца, што яна ўжо адседзела там адзін год", — расказвае мужчына.
Па яго словах, дзеці, якія ездзілі з маткамі ў Беларусь, вярнуліся ва Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.