З Валадаркі вынеслі копію малюнка Алеся Пушкіна, які загінуў за кратамі
Алесь Пушкін
Копію насценнага малюнка мастака Алеся Пушкіна ўдалося вынесці з "Валадаркі". Пра гэта "Белсату" расказаў фатограф Аляксандр Васюковіч, які пасля прысуду пакінуў Беларусь.
Мяркуючы па ўсім, арыштаваны мастак адзначаў на сцяне дні свайго зняволення.
"Гэта была першая камера, у якую я трапіў на "Валадарцы", у так званым "шанхаі". У ёй утрымліваліся 24 чалавекі. Да мяне там нехта і з Litesound сядзеў, і Алесь Пушкін таксама. Дык вось, мне паказалі малюнак — рысачкі, якія маляваў на сцяне Алесь Пушкін. Я папрасіў сваіх, каб мне пераслалі ў перадачы кальку, каб можна было яго скапіяваць. І я зрабіў гэта. І ў выніку вынес на свабоду", — кажа Васюковіч.
57-гадовы Алесь Пушкін памёр у зняволенні 11 ліпеня 2023 года. За кратамі ён перабываў з сакавіка 2021-га. У сакавіку 2022-га мастака асудзілі на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму.
СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску ("Валадарка") нядаўна расфармавалі. Зняволеных, якія былі там да суда, перавялі ў новы будынак у Калядзічах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.