Агітацыя на вуліцах Берліна за дзень да выбараў – ружы і міндаль ад кандыдатаў

Агітацыя на вуліцах Берліна за дзень да выбараў – ружы і міндаль ад кандыдатаў

“Дня цішыні” на выбарах у Германіі няма. І таму кандыдаты ў дэпутаты Бундэстага выкарыстоўваюць апошні дзень перад галасаваннем на поўніцу. Мне не давялося далёка хадзіць – не паспеў выйсці з гатэля, які, дарэчы, знаходзіцца даволі далёка ад цэнтра Берліна, як адразу патрапіў пад увагу мясцовых партыйных агітатараў.

Кожнаму мінаку актывісты Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (Sozialdemokratische Partei Deutschlands) дораць праграму партыі, чырвоную ружу ад лідара СДП Марціна Шульца (Martin Schulz) і ўлётку з асадкай ад кандыдата ад гэтай партыі Ціма Рэнера (Tim Renner), які балатуецца ў гэтым раёне Берліна. Побач актывісты Хрысціянскай дэмакратычнай саюз Германіі (Christlich Demokratische Union Deutschlands) агітуюць за дзеючага дэпутата Бундэстага Клаўса-Дзітэра Грёлера (Klaus-Dieter Gröhler). Разам з традыцыйнымі ўлёткамі з праграмай раздаюць выбаршчыкам жоўтую ружу і пакуначак міндалю ў цукары.

У кожнай групе каля 7 агітатараў. Яны весела і жыва размаўляюць як з мясцовымі жыхарамі, так і паміж сабой. Жартам прапануюць канкурэнтам праграму і сувеніры свайго кандыдата. Побач стаіць картонны партрэт Ангелы Меркель – жадаючым прапануюць сфатаграфавацца з канцлерам.

Непадалёк ад партрэта канцлера раздае ўлёткі са сваім партрэтам пакуль яшчэ дзеючы дэпутат Бундэстага Клаўс-Дзітэр Грёлер. Стаць дэпытатам у Германіі можна як па партыйным спісе, так і ў выпадку асабістай перамогі ў сваёй акрузе. Мой суразмоўца хоча трапіць у Бундэстаг не “аўтаматычна”, партыйным спісам, а як “народны абраннік”. І таму, кажа, апошнія два месяцы 10-12 гадзін ў дзень аддае агітацыі за сябе і сустрэчам з выбаршчыкамі.

Паказваючы на картонную Меркель, Клаўс-Дзітэр Грёлер з лёгкай усмешкай заўважае: “Я спадзяюся, што Ангела Меркель ізноў стане канцлерам і ХДС стане часткай нашага ўраду”.

– Меркель кіруе Германіяй ужо 12 гадоў – можа, варта было б саступіць месца некаму іншаму? А так яна хутка Лукашэнку дагоніць!

– Тут я бачу невялікую розніцу, – смяецца ў адказ мой суразмоўца. – Я бачу сітуацыю крыху інакш: я не за тое, каб абмяжоўваць знаходжанне чалавека пры ўладзе. Да прыкладу, я ўпэўнены, што калі б Абама стаў прэзідэнтам ЗША трэці раз, то ў нас не склалася б такая сітуацыя, якую мы зараз маем.

– Але я чуў такое меркаванне, што немцы ўжо крыху стаміліся ад Меркель. Што на гэты конт кажуць вашы выбаршчыкі?

– Бачыце тую картонную фігуру-партрэт Меркель? Гэты партрэт становіцца пачаткам нашай размовы з людзьмі: яны падыходзяць, фатаграфуюцца, цікавяцца, ці сапраўды яе рост толькі 1.65 метра, пытаюцца, ці рэальнае гэта фота. Я не бачу, каб людзі ад яе стаміліся – вельмі пазітыўнае бачу стаўленне.

І, развітваючыся, дадае:

– Я не спецыялізуюся на пытаннях знешнепалітычных і таму не магу казаць, што ў будучыні чакае нямецка-беларускія адносіны на дзяржаўным узроўні. Але я хачу пажадаць і сабе, і вам, каб ва ўсёй Усходняй Еўропе былі дэмакратычныя краіны з дэмакратычнай шматпартыйнай сістэмай, са свабодай слова і свабодай прэсы. Бо для ўсёй Еўропы ад гэтага было б толькі лепш.

Палітык моцна цісне мне руку і аддае сябе ў рукі сваіх выбаршчыкаў, якія хочуць зрабіць з кандыдатам сэлфі альбо штосьці запытаць.

– Чаму вы ў гэты сонечны суботні дзень на пікеце, а не на адпачынку за горадам – вырашылі тут падзарабіць? – цікаўлюся у дзяўчыны, якая раздае ўлёткі Клаўса-Дзітэра Грёлера.

– Я сябра партыі і нам нічога не плацяць! Я тут таму, што я мушу тут быць – выбары вельмі важная справа, – абураецца дзяўчына майму пытанню.

Пераходжу да пікета SDP. Тут мне шанцуе менш, чым на суседнім пікеце – кандыдата ў дэпутаты Ціма Рэнера сярод пікетоўцаў няма. Ну, даведацца меркаванне шараговых актывістаў таксама цікава.

У пікеце ў падтрымку Ціма Рэнера таксама выключна сябры партыі. Адпаведна, усе працуюць бесплатна.

– Людзі рэагуюць па-рознаму: адны проста бяруць праграму нашага кандыдата і ідуць далей, іншыя падыходзяць самі, задаюць пытанні, нешта ўдакладняюць. Але абыякавых практычна няма, – расказвае ўдзельніца пікета Мір’я.

І даволі дыпламатычна адказвае на маё пытанне, ці здольны лідар іх партыі Марцін Шульц на роўных канкурыраваць з Ангелай Меркель.

– Я думаю, што ён у любым выпадку паспрабуе стаць канцлерам. Вы бачылі яго тэледэбаты з Меркель? Асабіста мне падаецца, што ён на адным узроўні, “на ўзроўні вачэй” з канцлерам знаходзіцца.

Мір’я катэгарычна кажа, што Меркель ужо дастаткова доўга была канцлерам, прыйшоў час сыходзіць. Але не пагаджаецца з тым, што быць так доўга пры ўладзе – гэта не дэмакратычна.

– Выбары ў нас дэмакратычныя, усё адбываецца ў адпаведнасці з законам. І таму казаць, што яе абранне канцлерам не дэмакратычнае, нельга. Калі выбаршчыкі хочуць, каб яна была канцлерам, то яе пасада гэтым жаданнем людзей легітымуецца.

Але маё пытанне, чым асабіста яе Меркель не задавальняе, прымушае Мір’ю задумацца на доўгую хвіліну.

– Ведаеце, існуе пэўнае адрозненне паміж партыямі… Разумееце, мы з розных партый з ёй, і ёсць пэўныя прычыны, чаму я з’яўляюся сябрам СДП, а не ХДС. Але гаварыць з вамі пра адрозненні ў праграмах нашых партый зараз не мае сэнсу. Дарэчы, у сваіх прамовах Меркель выказвае шмат сацыял-дэмакратычных ідэй, якія яна пазычыла ў нас. І гэта прычына таго, што нашы партыі знаходзяцца разам у шырокай кааліцыі. Таму можна сказаць, што яна праходзіць крыху сацыял-дэмакратычную палітыку. Але так доўга быць канцлерам…

У абодвух сваіх суразмоўцаў я цікавіўся: у чым, на іх думку, сакрэт рэзкага росту папулярнасці сярод нямецкіх выбаршчыкаў ультраправай (ці, як яе называюць нямецкія журналісты – папулісцкай) партыі Альтэрнатыва для Германіі (Alternative für Deutschland) – можа, усе астатнія партыі не дапрацоўваюць?

– Хутчэй за ўсё і мы недапрацоўваем, – пагаджаюцца і палітык ад ХДС, і актывістка з СПД. – Прычына росту іх папулярнасці ў пэўнай незадаволенасці людзей усімі вядучымі і нават усімі існуючымі партыямі. Толькі галасуюць яны за АДГ выключна ў знак пратэсту, нават не ведаючы зместу іх праграмы – толькі рэагуючы на іх папулісцкія, але блізкія шмат каму лозунгі.

І сапраўды – за амаль тыдзень у Берліне сярод безлічы вулічнай палітычнай рэкламы я не ўбачыў ніводнага плаката “альтэрнатыўшчыкаў”, не было іх пікету і ў апошні дзень перад выбарамі.

– Яны ж там усе канспіролагі, – тлумачыць мне доктар Ульрыка Бутмалою. – Яны ўпэўненыя, што за імі сочаць і паліцыя, і спецслужбы, што ўсе супраць іх. Думаю, калі б мы да іх падышлі зараз пагаварыць, то размова была б кароткая. І зразумелая без перакладу.

Выбары ў Бундэстаг пройдуць у Германіі 24 верасня. Вынікам гэтых выбараў будзе не толькі новы парламент – менавіта дэпутаты Бундэстага абяруць новы ўрад Германіі і канцлера.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі