"Акрэсціна — канцлагер. Але я ў парадку". На волю выйшла Наталля Дуліна
Наталля Дуліна
Пасля сутак на Акрэсціна на волю выйшла Наталля Дуліна, былая дацэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і адна з вядучых спецыялістак краіны па італьянскай мове.
Пра яе затрыманне стала вядома 1 сакавіка. Яе асудзілі на 14 сутак. Вядома, што падчас суда Дуліна адмовілася ад адваката і дачы паказанняў. У тыя дні ў краіне праходзілі антываенныя мітынгі.
"Я выйшла. Акрэсціна, вядома, канцлагер. Але я ў парадку. Мы незабівальныя", — напісала педагог у Facebook.
Напярэдадні таксама стала вядома пра вызваленне дзяўчат-дачок пісьменніцы і педагога Ганны Севярынец. Іх таксама затрымалі на антываеннай акцыі каля чыгуначнага вакзала ў Мінску, ім прысудзілі адміністрацыйны арышт.
"Люба з тэмпературай, Жэня нічога, абедзве белыя, як паперкі, але бадзёрыя", — напісала Ганна Севярынец у Facebook. Дзяўчаты расказалі ёй, што ў камеры на 18 кв. м знаходзілася 32 чалавекі.
"Спалі на падлозе. Наогул умовы дзікія, але людзі сустрэліся там цудоўныя", — перадала яна словы дачок.
Падчас антываенных акцый толькі 27 лютага ў Беларусі, паводле звестак праваабаронцаў, затрымалі больш за паўтысячы чалавек. МУС пазней ўдакладніла лічбу — "за розныя парушэнні грамадскага парадку" у той дзень было затрымана каля 800 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.