Актывіст дамогся, каб палепшылі ўмовы ўтрымання ў Смалявіцкім ІЧУ

Актывіст дамогся, каб палепшылі ўмовы ўтрымання ў Смалявіцкім ІЧУ

Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Леанід Кулакоў сёлета двойчы адбываў адміністрацыйныя арышты ў ізалятарах часовага ўтрымання Смалявіцкага і Мінскага РАУС. Ён быў пакараны за ўдзел у пікеце каля Кургана Славы і за акцыю салідарнасці з палітвязнем Юрыем Рубцовым.

У каментары праваабарончаму сайту "Вясна" Кулакоў назваў умовы ўтрымання ў Смалявіцкім ІЧУ жудаснымі: "Дзённага святла няма, толькі праз шчыліну наверсе вакна пазнаеш, што прыйшоў дзень. Ноччу спаць немагчыма, бо жалезныя ложкі пакрытыя жалезнымі пласцінамі, на якіх не ўляжыш і 10 хвілін. Холадна, як зімой, і жудасны пах, бо ў прыбіральню ня водзяць і мусіш хадзіць па патрэбах у вядро. З-за гэтага паху немагчыма харчавацца, мяне дык першыя дні натуральна ванітавала”.

Падобныя ж умовы былі і ў ізалятары Мінскага РАУС.

Кулакоў падаў скаргу на ўмовы ўтрымання ў ізалятары. І днямі Упраўленне наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС па выніках праверкі даслала яму афіцыйны адказ за подпісам часовага выканаўцы абавязкаў начальніка ўпраўлення С.Аляшкевіча. У адказе гаворыцца, што "асобныя недахопы ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні ІЧУ Смалявіцкага РАУС былі абумоўленыя аб'ектыўнымі прычынамі і не з'яўляліся вынікам нядобрасумленных адносінаў да выканання службовых абавязкаў супрацоўнікамі ІЧУ".

Разам з тым чыноўнік паведаміў, што сёлета ў ІЧУ Смалявіцкага РАУС былі замененыя ўнутраныя сеткі каналізацыі, вадаправоду і гарачага водазабеспячэння; праведзены рамонт унутранага аздаблення памяшканняў санпрапускніка і пакоя падагрэву ежы.

Таксама паведамляецца, што ў ІЧУ Мінскага РАУС сёлета праводзяцца неабходныя рамонтныя работы.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі