Актывіст Сяргей Кулініч паскардзіўся ў Генпракуратуру на КДБ

Актывіст Сяргей Кулініч паскардзіўся ў Генпракуратуру на КДБ

Адзін з фігурантаў справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" Сяргей Кулініч накіраваў скаргу ў Генпракуратуру. Ён патрабуе праверыць факты жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з боку супрацоўнікаў КДБ, перадае Радыё "Свабода".

Таксама актывіст звярнуўся ў Следчы камітэт з просьбай вынесці пастанову аб кампенсацыі шкоды за ўтрыманне пад вартай. Кулініч лічыць сваё затрыманне формай жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, прыніжэннем чалавечай годнасці, што забаронена Канвенцыяй ААН супраць катаванняў.

Ён адзначае, што пры затрыманні яму на галаву нацягнулі чорны мяшок, што не прадугледжана ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе. На яго думку, супрацоўнікі КДБ перавысілі свае паўнамоцтвы.

Таксама Кулініч заяўляе, што пры затрыманні ён не супраціўляўся і не правакаваў да ўжывання фізічнай сілы і спецсродкаў. Таму збіццё кулакамі і надзяванне кайданкоў ён лічыць незаконным і парушэннем права на асабістую недатыкальнасць.

Кулініча брутальна затрымалі 24 сакавіка, калі ён ішоў з кватэры, дзе быў Мікалай Статкевіч.

"Выйшаў з крамы на вуліцы Адзінцова і неўзабаве пачуў тупат, быццам хтосьці бяжыць за мной. Я павярнуўся і ўбачыў за паўтара метра ад сябе некалькі чалавек. Яны мяне схапілі і некалькі разоў ударылі кулакамі, спрабуючы пацэліць у жывот. Затым надзелі кайданкі, нацягнулі мяшок на галаву і закінулі ў машыну. Памятаю, што мяне кінулі на падлогу ці ў гэтай машыне, ці ў аўтобусе, у які мяне потым перацягнулі. Я быў у стане шоку", — распавёў актывіст.

Яго пратрымалі ў СІЗА КДБ 10 дзён, прычым дапыталі толькі на пяты дзень арышту.

На пачатку чэрвеня крымінальны пераслед супраць Кулініча спынілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі