Нацбола з "Іншай Расіі" асудзілі ў Мінску на 5 сутак арышту

Нацбола з "Іншай Расіі" асудзілі ў Мінску на 5 сутак арышту

У Мінску скончыўся суд над актывістам незарэгістраванай расійскай партыі "Іншая Расія" Цімафеем Ермаковым. Нацбола асудзілі на пяць сутак арышту. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла памочніца старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян:

"Суд Ленінскага раёна пастанавіў па частцы 1 артыкула 23.34 Кодэкса ад Адміністрацыйных правапарушэннях падвергнуць [яго] адміністрацыйнаму пакаранню ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 5 сутак".

Увечары 15 лютага чацвёра нацболаў спрабавалі сарваць прэс-канферэнцыю спецпрадстаўніка АБСЕ Марціна Сайдзіка. Калі чыноўнік выйшаў да трыбуны, нацболы (два хлопцы і дзве дзяўчыны) пачалі крычаць і раскідваць лістоўкі. Пасля перапалкі з арганізатарамі мерапрыемства актывісты сышлі, на развітанне пажадаўшы ўсім удачы.

Міліцыя здолела затрымаць толькі аднаго з чацвярых нацыянал-бальшавікоў Цімафея Ермакова, 27-гадовага студэнта з Масквы. Перад затрыманнем ён паспеў даць інтэрв'ю беларускім СМІ, прыкрываючы твар капюшонам.

"Пратаколы па 17.1 і 23.34 накіраваныя ў суд", — пракаментаваў раніцай 16 лютага для Еўрарадыё прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

Артыкул 17.1 Адміністрацыйнага кодэкса — гэта дробнае хуліганства, 23.34 — парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

Астатнія пікетоўцы на сувязь пакуль не выходзілі, распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар "Іншай Расіі" Аляксандр Аверын. З'ехалі яны з Мінска ці яшчэ знаходзяцца ў беларускай сталіцы, пакуль невядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі