"Іншая Расія" пацвердзіла затрыманне свайго актывіста ў Мінску

"Іншая Расія" пацвердзіла затрыманне свайго актывіста ў Мінску

Незарэгістраваная нацыянал-бальшавісцкая партыя "Іншая Расія" пацвердзіла ўдзел сваіх актывістаў у зрыве прэс-канферэнцыі АБСЕ ў Мінску. "Так, гэта былі нашы актывісты, адзін з іх затрыманы", — паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар арганізацыі Аляксандр Аверын.

"Іншая Расія" выступае супраць "Мінскіх пагадненняў". "Мы іх ["Мінскія пагадненні". — Еўрарадыё] лічым злачыннымі. Вы ж бачыце — гэта ўсё ўжо трэці год цягнецца. Усё больш забойстваў. Паглядзіце: забітыя "Матарола", "Гіві", Мазгавы. А колькі невінаватых людзей загінула, мірных... Усё гэта наступствы нехлямяжых пагадненняў. У рэшце рэшт, злачынных", — распавёў Еўрарадыё лідар "Другой Расіі" Эдуард Лімонаў.

Увечары 15 лютага чацвёра нацболаў спрабавалі сарваць прэс-канферэнцыю спецпрадстаўніка АБСЕ Марціна Сайдзіка. Калі чыноўнік выйшаў да журналістаў, яны пачалі крычаць і раскідваць лістоўкі. Пасля кароткай перапалкі з арганізатарамі прэс-канферэнцыі актывісты сыйшлі з залы, на развітанне пажадаўшы ўсім удачы.

Чаму ніхто не перашкаджаў пікету? "Служба аховы гатэля працуе ў межах гасцінічнага стандарта, для гасцей. Пры правядзенні такіх мерапрыемстваў [аховай] займаюцца органы ўнутраных спраў, праваахоўныя органы", — патлумачыў Еўрарадыё начальнік службы аховы "Прэзідэнт-гатэля".

Міліцыя затрымала толькі аднаго з чатырох нацыянал-бальшавікоў.

"Пратаколы па 17.1 і 23.34 накіраваныя ў суд", — пракаментаваў для Еўрарадыё прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

Артыкул 17.1 Адміністрацыйнага кодэкса — гэта дробнае хуліганства, 23.34 — парушэнне парадка правядзення масавых мерапрыемстваў. Актывіст "Іншай Расіі" можа быць пакараны штрафам ці суткамі ў ізалятары. Суд над затрыманым нацболам прайшоў 16 лютага, ён атрымаў 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

Відэа: БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі