Алег Лукашэвіч: Надакучыла, што нашы здымкі выкарыстоўваюць без дазволу
Аўтары праекта “Спадчына Беларусі” вырашылі падаць у суд на Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча, аўтараў кнігі "Краіна Беларусь".
Аўтар выдавецкага праекта “Спадчына Беларусі”, журналіст БТ Алег Лукашэвіч распавядае Еўрарадыё, чаму разам з Аляксандрам Аляксеевым вырашыў рыхтаваць дакументы ў суд на аўтараў кнігі "Краіна Беларусь" Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча.
Журналіст БТ падае ў суд на аўтараў кнігі "Краіна Беларусь"
Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч
Лукашэвіч: "За ўвесь час калі мы ў 2004 годзе выпусцілі першую кнігу, мы былі сведкамі, як нашыя здымкі без нашага ведама выкарыстоўвалі ў іншых выданнях. І нам ужо так надакучыла гэта... Я не павінен тэлефанаваць чалавеку, які незаконна выкарыстаў маю працу. І ніякіх праблем не было бы, калі б ён гэта зрабіў".
Еўрарадыё: Раней такія выпадкі былі таксама з Арловым і Герасімовічам?
Лукашэвіч: "У нас вельмі добрыя адносіны з усімі выдаўцамі ў нашай краіне. І з Арловым і Герасімовічам мы сустракаліся. Мы з вялікай павагай ставімся да іх і да таго што яны ствараюць. Мы былі вельмі здзіўленыя, калі адкрылі выданне і пабачылі нашыя здымкі, якія ніяк не падпісаныя. Нас абурыла, што здымкі іншых фотамайстроў, таго ж Дзяніса Раманюка, падпісаныя. Што датычыцца здымкаў з нашага выдання, там напісана: "сучаснае фота", а адзін падпісаны, як "фота Зміцера Герасімовіча".
Еўрарадыё: Чаго вы хочаце дамагчыся судом? Якіх дзеянняў — прабачэнняў ці грошай?
Лукашэвіч: "Мы людзі забяспечаныя, нас менш за ўсё хвалююць матэрыяльныя выгады ў дадзеным становішчы. У нас наогул няма часу займацца судамі. Нас не будзе ў краіне цэлы месяц, з-за вялікага праекта. Суд — вельмі непрыемная справа. Мы не хацелі да гэтага даводзіць. Але справа ў тым, што гэта не першы раз. І мы ўжо колькі разоў мірна дамаўляемся. Колькі можна? Да гэтай пары, пакуль я з вамі размаўляю, яны з намі на кантакт не выйшлі. Гэта аднаўленне справядлівасці. Калі б такая сітуацыя была, напрыклад, у Францыі, то там быў бы арыштаваны ўвесь наклад. Бо 22 здымкі — гэта не адзін ці два. Гэтага хопіць на брашуру".
Герасімовіч: Звесткі пра суд з-за здымкаў у "Краіне Беларусь" нечаканыя
Фота — nn.by, kimpress.by