Алексіевіч: Людзі бачаць, што ўлада Лукашэнкі ў Беларусі яшчэ надоўга
Еўропе марна штораз спадзявацца перайграць Аляксандра Лукашэнку, той гандлюецца, каб набіць сабе цану ў адносінах з Расіяй, і зноў адвернецца ад Еўропы, калі атрымае расійскія грошы. Такое меркаванне выказала беларуская пісьменніца лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч на сустрэчы з замежнымі журналістамі 10 кастрычніка ў Берліне.
Паводле яе слоў, Масква сама не адпусціць Лукашэнку — нават не патрэбныя "ветлівыя людзі", дастаткова адключыць газ і нафту, каб паставіць краіну на калені, інфармуе БелаПАН.
Алексіевіч таксама адзначыла, што ад прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ніхто не чакае сюрпрызаў, таму што больш важна, хто лічыць галасы, а не хто галасуе. "Народ маўчыць, адсунуўшы палітыку на другі план, ломячы галаву, як пракарміць сям'ю. Людзі бачаць, што цяперашняя ўлада ў Беларусі і Расіі яшчэ надоўга, а апазіцыя расколатая і не разумее той адказнасці, якая на ёй ляжыць", — падкрэсліла пісьменніца.
Фота: БелаПАН