Алена Анісім: Белсат па-руску ёсць, а чаму няма Еuronews на беларускай мове?
Палітыка русіфікацыі, якая праводзілася ў СССР, і незбалансаваная моўная палітыка ўладаў незалежнай Беларусі прывялі да таго, што беларуская мова апынулася пад пагрозай знікнення. Сёння паўстала неабходнасць у абароне лінгвістычных правоў беларусаў, асабліва на фоне таго, што адзіны незалежны беларускамоўны тэлеканал пачаў рабіць шмат перадач на рускай мове. З такімі словамі да дэпутатаў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы звярнулася 25 красавіка старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
“Зарэгістраваны на тэрыторыі Польшчы, але гэты тэлеканал вяшчаў на беларускай мове. Цяпер у супрацоўніцтве з ВВС ён робіць больш праграм на рускай мове, якой у нас і так хапае ў інфармацыйнай прасторы. Узнікае пытанне: а чаму ў такім выпадку няма рэакцыі Еuronews, іншых еўрапейскіх каналаў на беларускай мове? Гэта стала б падтрымкай тым намаганням грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны на абарону лінгвістычных правоў беларусаў”, ― заявіла ў Страсбургу Алена Анісім.
Савет Еўропы мусіць звярнуць увагу на выкананне лінгвістычных правоў беларусаў, пачынаючы з магчымасці для дзяцей навучацца па-беларуску з дзіцячага садка да ўніверсітэта, лічыць Алена Анісім. Па яе словах, Беларусь без беларускай мовы не можа стаць ні дэмакратычнай дзяржавай, ні арганічнай часткай еўрапейскай прасторы.
Нагадаем, Еuronews вяшчае на 12 мовах: арабскай, англійскай, французскай, нямецкай, грэчаскай, венгерскай, італьянскай, фарсі, партугальскай, рускай, іспанскай і турэцкай. Euronews на рускай мове выпускае рэдакцыя “Euronews-Расія”, у якой працуе каля 20 супрацоўнікаў. Відавочна, яна не будзе вырабляць праграмы па-беларуску ― для гэтага тэлеканалу давядзецца стварыць беларускую рэдакцыю.