Алесін: Сярод наёмнікаў запатрабаваныя лётчыкі і танкісты
На баку Кадафі могуць ваяваць беларусы, скарочаныя з войска. Такое меркаванне выказаў у жывым эфіры вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.
Нагадаем, у СМІ з’явіліся паведамленні, што беларускія вайскоўцы ваююць у Лівіі. Беларускія міністэрствы замежных справаў і абароны ўжо афіцыйна абверглі гэтую інфармацыю. Аднак на думку Алесіна, прысутнасць у Лівіі вайскоўцаў з Беларусі не з'яўляецца навіной ці сенсацыяй.
Алесін: “Амаль адразу пасля пачатку падзеяў у Лівіі ў заходніх выданнях са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы паведамлялася, што на баку Кадафі ваююць вайскоўцы, які прайшлі службу ў краінах былой Варшаўскай дамовы, на тэрыторыі Савецкага Саюза і гэтак далей. Называліся расіяне, украінцы, беларусы, сербы, румыны — усе людзі, якія валодаюць былой савецкай зброяй. Ва ўсіх канфліктах, якія адбываліся ў гарачых кропках у Афрыцы, удзельнічалі наёмнікі — іх называюць "салдаты ўдачы", якія па тых ці іншых прычынах звольніліся з армій сваіх краінаў і шукаюць вялікага заробку. А ўлічваючы скарачэнні арміі, якія адбываюцца на постсавецкай прасторы, такіх асобаў сабралося вельмі шмат. Запатрабаваныя лётчыкі, танкісты, спецыялісты спецыяльных падраздзяленняў".
А беларускае войска, адзначае Алесін, не аднойчы скарачалася, многія вайскоўцы сыходзілі праз малыя заробкі. Эксперт параўноўвае беларускую сітуацыю з украінскай. Як вядома, Украіна прадавала Лівіі зброю. Украінскі эксперт палкоўнік Беражной адзначыў, што ніколі толькі зброя ў краіну не пастаўляецца: заўсёды разам з ёй едуць спецыялісты па эксплуатацыі. Да іх далучаюцца тыя, хто падпісвае асабістую дамову найму.
Гэта значыць, што пераважна размова ідзе пра адстаўных вайскоўцаў. Афіцыйна ніводная дзяржава стараецца не дасылаць сваіх вайскоўцаў у такія гарачыя кропкі. Нават калі яна зацікаўленая ў гэтым канфлікце. Алесін адзначае, што беларусы не першы раз фігуруюць у вайсковых канфліктах у Афрыцы.
Алесін: “Месяц таму паведамілі, што ў 2004 годзе авіяўдар па французскім часткам у Рэспубліцы Чад нанеслі самалёты, якія пілатавалі беларускія лётчыкі. Гэтую інфармацыю ніхто не абверг. Калі ў Афрыцы разбіваецца нейкі транспартны самалёт, то ў яго экіпажы адразу аказваюцца расійцы, беларусы, казахі, украінцы”.
Колькасць беларускіх вайскоўцаў у Афрыцы эксперт ацэньвае не больш як у некалькі соцень чалавек.
Алесін: “На маю думку, больш за ўсё расіян, далей ідуць украінцы, і на трэцім месцы — беларусы. Прыкладна ад некалькі дзесяткаў да некалькі соцень. Магчыма, гэта лётчыкі, спецыялісты па абслугоўванні тэхнічнай авіацыі ды баявой тэхнікі, штабныя афіцэры і спецыялісты спецаперацый — напрыклад, снайперы. Яны маглі ўжо ўдзельнічаць у канфліктах у Афрыцы, для іх такое жыццё стала прафесіяй: яны ездзяць па ўсім свеце і ўдзельнічаюць у гарачых кропках”.
Дзяржава можа перашкодзіць найміту трапіць у гарачую кропку. Але гэта, кажа Алесін, таксама не заўжды проста:
Алесін: “Калі ёсць дакладная інфармацыя, што гэтая асоба едзе служыць не будаўніком, не ахоўнікам, не садоўнікам, а менавіта ваенным спецыялістам, то тады ёсць падставы яго затрымаць. А калі ў яго ёсць працоўная віза ў нейкую з краінаў, то ў яго ж на лобе не напісана, што ён пойдзе служыць танкістам, лётчыкам таму ці іншаму дыктатару”.
Але калі дзяржава мае звесткі пра такога вайсковага наёмніка, заяўляе эксперт, то яна абавязаная яго затрымаць.
Фота: 4flying.com