Алеся Жукоўская: Я абсалютна апалітычная, на Майдан прыехала лячыць людзей
Фельчар, якую ў Кіеве паранілі ў шыю, ідзе на папраўку. У размове з Еўрарадыё дзяўчына расказвае пра свае погляды і надзеі на будучыню.
Валанцёр-медык Алеся Жукоўская, якую паранілі ў шыю на Майдане ў Кіеве, ідзе на папраўку. У дзяўчыны пакуль вельмі слабы голас, але лекары называюць яе стан стабільным. Алеся прызнаецца, што нічога не ведае пра рэакцыю людзей у сацыяльных сетках на яе каментар “Я паміраю”, бо некалькі дзён была без тэлефона і, адпаведна, магчымасці выйсці ў інтэрнэт. Яна вельмі ўдзячная ўсім людзям, якія цяпер дасылаюць ёй словы падтрымкі.
“Я была недалёка ад “Архангельскай аркі”, мы сустракаліся там з сябрамі, — узгадвае момант ранення Алеся. — Прайшло зусім трошкі часу, як мы сустрэліся. Сам стрэл быў у 11:41. Я, натуральна, баялася што могуць падстрэліць, але не звяртала на гэта ўвагі, думала, што я асцярожная!”
Алеся скончыла Крамянецкае медыцынскае вучылішча і мае спецыяльнасць фельчара. На Майдан дзяўчына прыехала, каб дапамагаць параненым. На вуліцы Грушэўскага на ёй загарэлася вопратка, побач упала граната, але дзяўчына не спужалася і засталася на Майдане.
“Я абсалютна апалітычная, на Майдан я прыехала выключна, каб лячыць людзей. Палітыкай я ўвогуле не цікаўлюся, — прызнаецца Алеся Жукоўская і разважае пра будучыню Украіны. — Калі б цяпер былі выбары, нават не ведаю за каго б прагаласавала, бо ніякіх прыхільнасцяў сярод палітыкаў не маю. Думаю, цяпер усё ў нас будзе добра. Не варта чакаць, што адразу палепшае, спачатку будзе цяжка, але паступова ўсё будзе добра”.
Алесю Жукоўскую паранілі 20 лютага падчас сутычак з "Беркутам". Дзяўчына атрымала кулявое раненне ў шыю і паспела напісаць у Твітары "Я паміраю". Фота параненай Алесі і яе апошні запіс імгненна абляцеў сацсеткі. Паўсюль паведамлялася, што яна загінула. Але ўвечары 20 лютага з’явілася пацверджаная інфармацыя, што дзяўчыну прааперавалі і падлучылі да апарата штучнага дыхання.
Цяпер яна знаходзіцца ў стабільным стане, але пра выпіску з бальніцы пакуль размоваў не вядзецца.
21 лютага венгерскія валанцёры Чырвонага Крыжа зладзілі акцыю ў падтрымку Алесі Жукоўскай.