Аляксандра Герасіменя пра ўчынак Фомачкіна: Ён зрабіў смела

Аляксандра Герасіменя пра ўчынак Фомачкіна: Ён зрабіў смела

Славутая беларуская плыўчыха, неаднаразовая алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя станоўча ацаніла ўчынак Андрэя Фомачкіна, які ўзняў расійскі сцяг на адкрыцці Паралімпіяды. У каментары "Беларускім навінам" яна назвала ўчынак спартыўнага функцыянера смелым.

Герасіменя лічыць няправільным, што расійскую зборную адхілілі ад Паралімпіяды. У гэтым яна салідарная з Фомачкіным: "Калі ў яго была мэта проста падтрымаць расійскую каманду, спартоўцаў, якія рыхтаваліся чатыры гады, а некаторыя і ўсё жыццё да гэтай падзеі, гэта правільна. Усё ж такі гэта людзі, якія героі самі па сабе. Яны, нягледзячы на ​​свае праблемы, выходзяць на арэну і выступаюць за сваю краіну. Таму як спартсмен я гэта разумею. Лічу, што гэта было няправільна — адхіліць расійскіх атлетаў".

Спартоўка адмовілася разважаць пра палітычныя матывы такога ўчынку. Яна пабачыла ў гэтым акцыю спартыўнай салідарнасці. Дзеянні Фомачкіна Герасіменя назвала смелымі: "Не мне ацэньваць, герой ці не герой. Але зрабіў ён смела. Думаю, што тая каманда, якая адчула яго падтрымку, для яе ён сапраўды герой. Не кожны гатовы падтрымліваць іншую краіну ў такой сітуацыі".

Як паведамлялася раней, беларускі спартыўны функцыянер Андрэй Фомачкін узняў расійскі сцяг на адкрыцці Паралімпіяды. За гэта Міжнародны Паралімпійскі камітэт ануляваў яго акрэдытацыю. Беларусі нагадалі, што палітычныя дэманстрацыі падчас Паралімпійскіх гульняў не дапускаюцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі