"Амаль уцёк": з БарДУ адлічылі другакурсніка, які ўдзельнічаў у пратэстах
Глеб Лук'янцоў / архіў героя матэрыялу
"Захапляюся этна-музыкай. Іграю на дыджэрыду, вывучаю сусветныя рэлігіі, люблю філасофскія кнігі". Так расказвае пра сябе цяпер ужо былы студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Глеб Лук'янцоў.
Хлопцу 18 гадоў. Пасля ўдзелу ў акцыях пратэсту на вуліцах Баранавіч і ва ўніверсітэце Глеб не здаў экзамен і быў адлічаны з другога курса факультэта славянскіх і германскіх моў БарДУ. "Праз неліквідацыю акадэмічнай запазычанасці", — каментуе Еўрарадыё дэкан факультэта Наталля Круглякова.
"Натуральна, на гэта паўплывала мая грамадзянская пазіцыя", — настойвае Глеб.
"Лічу, што хоць бы на "4" адказаў"
Глеб мяркуе, што стаў нязручны кіраўніцтву факультэта яшчэ вясной. Тады студэнты напісалі зварот да дэкана з просьбай увесці дыстанцыйнае навучанне праз каранавірус. Хлопец хадзіў па аўдыторыях і збіраў пад ім подпісы.
"У гэты ж дзень мяне выклікалі ў дэканат, дзе сказалі: альбо мы адмовімся ад гэтай ідэі, альбо гэта скончыцца для нас нейкімі наступствамі. Тады я вырашыў зрабіць перапынак", — успамінае суразмоўнік.
10 жніўня перапынак скончыўся. На наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў Глеб разам з іншымі пратэстоўцамі выйшаў на плошчу Леніна ў Бабруйску.
"Пайшоў на мітынг, таму што мне неабыякавая будучыня, вырашыў такім чынам выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Мы апладзіравалі, скандавалі "Жыве Беларусь!". Да нас пабеглі сілавікі, мы сталі ўцякаць. Я амаль уцёк, але напярэймы мне выбегла два сілавікі — мяне павязалі і павезлі ў СІЗА, дзе я адседзеў суткі да суда. Ва ўнівер прыйшла папера — там зразумелі, што я не перастаў займацца грамадзянскім актывізмам. То-бок знаходзіцца ў апазіцыі, на іх думку".
Калі ў пачатку верасня ў Мінску жорстка затрымалі студэнтаў, якія мірна пратэставалі, навучэнцы БарДУ арганізавалі ў холе акцыю салідарнасці. Праспявалі некалькі песень. Пасля гэтага ў дэканат прыязджала міліцыя і людзі ў цывільным. Студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі, вазілі ў міліцыю, дзе "чыталі маралі" пра тое, якія "дрэнныя песні" яны спяваюць і што "так рабіць дрэнна". Сутак не давалі, вынеслі папярэджанне і адпусцілі.
"Я вучуся сярэдне, на той момант у мяне была прызначана пераздача па фанетыцы, — працягвае Глеб. — Я адказаў адзін тэкст, зрабіў некалькі заданняў, але з памылкамі. Лічу, што хоць бы на "4" адказаў. Жалезная "4" павінна была стаяць. Але дэкан абвясціла, што я адлічаны".
Вы верыце Лук'янцову або дэкану факультэта?
Дэкан факультэта Наталля Круглякова кажа, што студэнта адлічылі па справе. Сведкі таму — сябры камісіі: два фанетысты, загадчык кафедры і яна сама. Яна настойвае, што на факультэце "няма прадузятасці, няма дыскрымінацыі і няма нічога такога, звязанага са звядзеннем рахункаў".
Разам з Глебам экзамен пераздавалі яшчэ двое студэнтаў. На факультэце з траіх засталася адна дзяўчына.
Ці паўплывала на адзнаку грамадзянская актыўнасць Глеба?
"Не, пра гэта яму нават ніхто не абмовіўся, нават слова не было сказана, — кажа суразмоўніца. — Вы лічыце, што мне, дэкану факультэта, мог рэктар такое сказаць? Па-першае, і ў Васіля Іванавіча няма такой пазіцыі — зводзіць рахункі. Глеб ведаў, што ён нічога не рабіў. Ён жа павінен быў падрыхтавацца на камісійную пераздачу. Як вы думаеце?"
"Універсітэту не патрэбна благая слава"
Глеб расказвае, што на сустрэчы з рэктарам адна студэнтка ўзняла пытанне аб падтрымцы студэнтаў з МДЛУ. Тады дэкан ёй адказала: "Едзь у МДЛУ і падтрымлівай сваіх сяброў".
"Я думаю, што ўніверсітэту не патрэбна, калі можна так выказацца, благая слава праз тое, што ў ім адбываецца якая-небудзь акцыя. Таму тут і хочуць пазбавіцца ад завадатараў, каб задушыць студэнцкую актыўнасць", — кажа хлопец.
Што далей? Глеб кажа, што мае намер працягваць удзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Таксама хлопец збіраецца падаць заяўкі ў некалькі польскіх ВНУ. Калі атрымаецца паступіць — паедзе, не — пойдзе ў войска ці будзе працаваць.
Варыянт вучобы ў Беларусі таксама не адпадае.
"Самае галоўнае, што нават калі я і паступлю ў нейкую беларускую ВНУ, каб адміністрацыя мела хоць нейкі кантакт са студэнтамі і ўлічвала іх меркаванне", — тлумачыць хлопец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.