Амапавец з Гродна: мяне пацярпелым вызначыла кіраўніцтва
У Гродне за акцыі пратэсту судзяць пяцярых мясцовых жыхароў. Іх вінавацяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — 342 (арганізацыі і ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 (гвалт у адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).
Абвінавачаныя — браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія (у аднаго трое, у другога двое малалетніх дзяцей), дырэктар прыватнай фірмы Аляксандр Якубоўскі (бацька дваіх малалетніх дзяцей), Жанна Захаркевіч (маці дваіх дзяцей — 14 і 16 гадоў), Надзея Сцепанцова (маці 17-гадовага юнака). Усе маюць вышэйшую адукацыю.
Пацярпелымі праходзяць 11 супрацоўнікаў АМАП.
Справа пачатая за вулічную акцыю ў Гродне, якая адбылася 6 верасня 2020 года, піша "Гарадзенская Вясна".
Абвінаваўца — старшы памочнік пракурора Аліна Чужыземец — хадайнічала, каб пацярпелыя не прысутнічалі на пасяджэннях, бо яны "асцерагаюцца за сваё жыццё і здароўе". На гэта адна з адвакатак заявіла, што прозвішчы пацярпелых і так змененыя, таму баяцца ім няма чаго. Урэшце суддзя Ганна Лявусік выклікала пацярпелых, але допыт іх вёўся з-за дзвярэй дарадчага пакоя за спінай суддзі, каб не было бачна.
Першым апытвалі "Івана Іванова". Амапавец распавёў, што шэсце ў Гродне ішло са сцягамі, плакатамі і выкрыквала палітычныя лозунгі. Ён з калегамі быў у форме з надпісам "ОМОН". Міліцыя перакрыла шэсцю дарогу, і людзі спрабавалі прарваць міліцэйскі ланцуг: штурхаліся, але не біліся. "Іваноў" заявіў, што яго асабіста не білі, але людзі скандавалі на іх адрас "Фашысты!", што прычыніла яму маральныя пакуты. Абвінавачаных "Іваноў" не помніць і кампенсацыю маральнай шкоды з іх не патрабуе.
Другім пацярпелым быў "Іван Іваноў", які на пытанне адваката заявіў, што пацярпелым яго вызначыла кіраўніцтва гродзенскага АМАПа. Ён распавёў, што атрымліваў ананімныя тэлефанаванні праз вайбер з пагрозамі на свой адрас. У дзень, пра які вядзецца гаворка "Іван Іваноў" затрымліваў тых, хто актыўна выявіў непадпарадкаванне, хто стаяў у счэпцы і штурхаўся. Ён зазначыў, што цялесных пашкоджанняў у яго не было. З матэрыяламі крымінальнай справы ён не знаёміўся. Падсудных пацярпелы не пазнаў.
Амапавец "Белы" заявіў, што 6 верасня нікога не затрымліваў. Распавёў, што яго хтосьі ў той дзень біў, ён адчуваў боль, але хто менавіта — сказаць не можа. Але па меддапамогу не звяртаўся. Таксама "Белы" заявіў, што пратэстоўцы, нібыта, распылялі газ, а амапаўцы гэтым не займаліся. Ён распавёў пра маральныя пакуты, якія ўзніклі, бо былі пагрозы сваякам праз мабільнік. Аднак ад кампенсацыі маральнай шкоды ён адмовіўся. Падсудных не апазнаў.
Амапаўцы "Аскерка", "Петрусенка" і "Скарабатун" далі аналагічныя сведчанні. Падсудных не апазналі і ад кампенсацыі маральнай шкоды адмовіліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.