Андрэй Курэйчык: Кінатэатры — гэта адзіная зона, дзе беларускага няма ўвогуле
16 снежня Андрэй Курэйчык урачыста занёс гатовую версію свайго новага "PARTY-zan фільма" у дэпартамент па кінематаграфіі Міністэрства культуры. Фільм мусяць прагледзець і выдаць пракатнае пасведчанне. Маючы яго, карціна выйдзе ў шырокі навагодні пракат 29 снежня.
Праўда, днямі кіраўніца дэпартамента Ірына Белякова заявіла, што стужка Курэйчыка можа "праляцець", бо рэжысёр здаў у Мінкульт недаробленую версію з "зялёнымі вокнамі". Да таго ж чыноўніца абнадзеіла беларусаў: рэстаўрацыя будынка "Беларусьфільма" ў наступным годзе скончыцца, і кінастудыя парадуе нас 65 стужкамі ў год.
Рэжысёр Андрэй Курэйчык у студыі Еўрарадыё распавядае, што думае наконт прэтэнзій Мінкульта і ці верыць у планы "Беларусьфільма".
Цікавыя цытаты:
У мяне пытанне: што гэтым сігналам нам хацелі сказаць? Калі напужаць, што закрыюць пракат, хаця гэта адзін з нямногіх беларускіх фільмаў, які выходзіць у гэтым годзе, то нам нястрашна, мы яго выкладзем у інтэрнэт, усё адно ўсе паглядзяць. Калі гэта спроба падтрымаць, то спроба дзіўная. У Год культуры, напярэдадні Дня беларускага кіно, гэта выглядае прынамсі не вельмі культурна. А калі гэта такі піяр, то дзякуй!
Летась у Расіі было два мае фільмы: "Гараскоп на ўдачу" з Дзмітрыем Нагіевым і іншымі зоркамі і "SOS Дзед Мароз" з Аксанай Акіншынай і Анатолем Белым. Але цяпер я лічу сваім абавязкам і мэтай падняць кінематограф у Беларусі.
Я беларускі кінавытворца і беларускі рэжысёр, у мяне беларуская кінакампанія. Мы рабілі "PARTY-zan фільм" для беларускага рынку. Мінкульту не вельмі сорамна, а мне вельмі сорамна, што ў нас 99,9 адсоткаў імпарту ў кінатэатрах — расійскага і замежнага. І ўсе кінатэатры кладуцца пад гэтых амерыканцаў і расіян, а беларускаму кіно туды цяжка прабіцца.
"Беларусьфільм" можа выпускаць хоць сто, хоць дзвесце фільмаў у год. Ніводнага шанцу, што яны будуць паспяховымі! У "Беларусьфільма" можа быць вялікі будынак, шмат супрацоўнікаў, вялікае дзяржаўнае бессэнсоўнае фінансаванне. Але гэта ніяк не творчая арганізацыя.
У любую краму зайдзі — беларускай прадукцыі там будзе адсоткаў 60-70, радыёстанцыю ўключы — пачуеш беларускую музыку. Кінатэатры — гэта адзіная зона, дзе беларускага няма ўвогуле.
Мы, кампанія "Bez Buslou Arts", сёлета зрабілі два пракатныя паўнавартасныя поўнаметражныя фільмы. "Беларусьфільм", які мае большае ў тысячу разоў фінансаванне, зрабіў адзін. Але не ў колькасці справа, а ў ацэнцы гледача.
Мы дадзім беларускаму кіно долю рынку ў Беларусі. Проста дапамагайце. Не можаце дапамагчы грашыма — дапамажыце добрым словам: "Малайцы, хлопцы", — а не стаўце палкі ў колы на апошнім этапе.