Анкета кандыдата Лукашэнкі: Піва не люблю, для мяне яно горкае

Анкета кандыдата Лукашэнкі: Піва не люблю, для мяне яно горкае

1. Імя/ Імя па бацьку/ прозвішча — Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч

2. Месца нараджэння — Копысь, Аршанскі раён, Віцебская вобласць.

3. Узрост — 61 год

4. Рост, вага — Дакладна невядома. Каля 182 см і 100 кг.

5. Сямейнае становішча (дзеці, унукі) — жанаты (але жыве асобна ад жонкі). Трое сыноў, сем унукаў.

6. Мянушка — Бацька. Ва універсітэце, па словах аднакурснікаў, Лукашэнку называлі “Лукой”.

7. Якімі мовамі валодае — руская, беларуская.

8. Адукацыя — Магілёўскі педагагічны інстытут (1975 год, выкладчык гісторыі і грамадазнаўства), Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія (завочна ў 1985 годзе, эканаміст-арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасці).

9. Любімы і нелюбімы прадмет у школе/універсітэце — вядома толькі, што ў Магілёўскім педуніверсітэце у Лукашэнкі быў любімы выкладчык, Якаў Іванавіч Трашчанок, выкладаў гісторыю Беларусі.

10. Ацэнкі ў школе/універсітэце — па словах аднакурсніка па Магілёўскім педінстытуце, кандыдат Лукашэнка вучыўся добра. “Але адчувалася, што вучоба давалася яму складана. Уседлівасць і мэтанакіраванасць вельмі вялікія былі. Пасля другога курса мала хто сядзеў за кніжкамі. А ён — не. Усё грыз. Спрачаўся з выкладчыкамі на іспытах”, — расказваў былы аднакурснік Лукашэнкі газеце “КП у Беларусі”.

Анкета кандыдата Лукашэнкі: Піва не люблю, для мяне яно горкае

11. Гадавы даход — больш за 551 мільён рублёў у 2014 годзе.

12. Самая дарагая пакупка за апошні год — невядома. Па словах кандыдата, сваімі прыбыткамі і грашыма ён не цікавіцца. Але нядаўна ў яго з'явіўся новы гадзіннік. Блогеры пачалі пісаць, што ён каштуе прыкладна 20 тысяч еўра.

13. Колькі разоў быў за мяжой у апошні год і ў якіх краінах — апошні раз у ЗША, у Нью-Ёрку на саміце ААН, дзе сустракаўся ў тым ліку з прэзідэнтам Баракам Абамам. Агулам у 2015 годзе Лукашэнка даволі шмат падарожнічаў. Некалькі разоў быў у Расіі, быў з афіцыйным візітам у Кітаі.

14. Марка гадзінніка — апошні раз кандыдата Лукашэнку бачылі з Vacheron Constantin на руцэ. Блогеры ацанілі іх кошт у 20 тысяч еўра. Некалькі гадоў таму ў Лукашэнкі на руцэ бачылі розныя мадэлі гадзіннікаў Patek Philippe

15. Марка аўтамабіля — звычайна кіраўнік Беларусі карыстаецца лімузінам “Мэрсэдэс Пульман”. Аднак у яго картэжы можна таксама заўважыць “падораны расійскім бізнэсмэнам” “Майбах”. А аднойчы кандыдат Лукашэнка асабіста прывёз свайго малодшага сына Мікалая у школу на “Аудзі А8”.

16. Дзе адпачываў апошні раз — Сочы, Расія.

17. Самая любімая кніга/Апошняя прачытаная кніга — невядома. Але аднойчы падчас наведвання школы малодшага сына ў Астрашыцкім Гарадку кіраўнік краіны заявіў, што мае дома вельмі вялікую бібліятэку памерам каля 5000 кніг. А расійская журналістка Ксенія Сабчак падчас інтэрв’ю падаравала Лукашэнку кнігу Маркеса “Восень патрыярха”. Ці прачытаў ён яе, невядома.

18. Топ-3 фільмаў і самы апошні, які глядзеў — невядома.

19. Любімая музыка. Тры найлепшыя выканаўцы — пытанне складанае, але аднойчы падчас інтэрв’ю сербскай журналістцы кіраўнік Беларусі ухапіў баян і выканаў фрагмент кампазіцыі Валерыя Абадзінскага “Льёт ли тёплый дождь”.

20. Любімы від спорту — Хакей і біятлон, горныя лыжы. Раней гуляў у футбол. “У футбол гуляў добра, гуляў нядрэнна. Потым, было, барацьбой заняўся”, — расказваў пра Лукашэнку яго аднакурснік.

Анкета кандыдата Лукашэнкі: Піва не люблю, для мяне яно горкае

21. Любімая страва і яе рэцэпт — “Не ем печыва, цукерак, хоць люблю салодкае… Абсалютна простая ежа, я так і не прывык да вытанчанай ежы… Калі суп — малочны. Дранікі ем з задавальненнем, падсмажаныя, залацістыя, не ўсе ўмеюць так рабіць. Вады шмат п'ю, спіртное не люблю”, — расказаў Лукашэнка расійскім журналістам у 2007 годзе.

22. Добрая звычка — заняткі спортам.

23. Кепская звычка — вядома, што ён не паліць і не любіць спіртное.”Для мяне гэта горш, чым выпіць нейкія лекі… Піва я ўвогуле не люблю. Для мяне яно горкае, гадкае”, — расказаў неяк Лукашэнка журналістам. Прычынай нелюбові кіраўніка краіны да алкаголю аднакурснік называе няшчасны выпадак падчас вучобы, калі Лукашэнка зваліўся з машыны разам з саломай і яму ў паясніцу ўваткнуліся вілы. Спатрэбілася аперацыя і пасля яе кандыдат алкаголь амаль не ўжывае.

24. Любімая цытата палітыка — “Не важна, якога колеру котка. Важна, што яна ловіць мышэй”. Гэтае выказванне аднаго з лідараў КНР Дэн Сяопіна Аляксандр Рыгоравіч рэгулярна паўтарае падчас пасланняў народу і парламенту.

25. Чый Крым? — “Фактычна — расійскі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю расійскім СМІ. Пры гэтым адначасова кіраўнік Беларусі заяўляе, што выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

26. Колькі тэрмінаў на пасадзе павінен быць прэзідэнт? — Мяркуючы па намеры балатавацца ужо пяты раз, абмежаванняў у гэтым пытанні няма.

27. За каго галасаваў на мінулых выбарах — вядома толькі, што на выбарах 2006 года ён галасаваў за Гайдукевіча: “Я ніколі не галасую за сябе, у мяне няма такой звычкі”. Але на мінулых выбарах, Гадукевіча сярод кандыдатаў не было.

28. Першы ўказ на пасадзе прэзідэнта — непрадказальна.

29. Першы візіт у якасці прэзідэнта — пакуль не вядома. Але пасля ўсіх мінулых выбараў новаабраны кіраўнік Беларусі ездзіў у Маскву.

30. Слоган кампаніі — “За будучыню незалежнай Беларусі”.

 

Чытайце таксама:

Анкета Караткевіч: Самая дарагая пакупка? Падарунак сыну

Анкета Гайдукевіча: Я прафесійна гатую і спяваю

Анкета Улаховіча: Мяне ўсе звалі Дзмітрычам

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі