Анкету на нарказалежнасць старэйшыя школьнікі будуць рабіць добраахвотна

Псіхасацыяльнае анкетаванне школьнікаў, якое выяўляе схільнасць да наркаманіі, будзе праводзіцца толькі са згоды бацькоў або саміх падлеткаў пасля дасягнення імі 14 год. Пра гэта 18 траўня паведаміла журналістам галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай працы Міністэрства адукацыі Алеся Бераснёва.

Паводле яе словаў, з 1 верасня 2015 года будуць абследаваць на адыктыўнасць дзяцей 11-14 гадоў. Спецыяльнае анкетаванне дазволіць выявіць у іх схільнасць да наркатычнай ці іншых залежнасцяў. Пры гэтым анкетаванне не будзе ананімным, а яго вынікі будуць захоўвацца ў адміністрацыі ўстановы адукацыі. Само анкетаванне будзе адкрытым, і на яго могуць запрашаць бацькоў і прадстаўнікоў зацікаўленых службаў і арганізацый.

Калі ў дзіцяці выявяць высокія паказнікі адыктыўнасці, інфармацыю перададуць медыкам, якія далей будуць абследаваць школьніка. Але пры гэтым рашэнне аб неабходнасці агляду будуць прымаць бацькі. Апроч таго, з такімі дзецьмі будуць праводзіць работу па фармаванні каштоўнасных арыентацый і паводзінаў, якія адмаўляюць спажыванне наркотыкаў.

На сёння методыка анкетавання праходзіць апрабацыю, а ўстановы адукацыю спрабуюць матываваць бацькоў, каб яны давалі згоду на правядзенне даследавання. Спецыяліст адзначае, што многія бацькі баяцца, што ў іх дзіцяці могуць выявіць небяспечную схільнасць, інфармуе БелаПАН.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі