АНТ — пра акцыі пратэсту: "цытадэль для адпрацоўкі штурмавых навыкаў"

АНТ — пра акцыі пратэсту: "цытадэль для адпрацоўкі штурмавых навыкаў"

Напярэдадні 20 снежня, калі ў Санкт-Пецярбургу сустрэнуцца, каб паразмаўляць пра інтэграцыю Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах выйшлі сюжэты на тэму падрыхтоўкі апазіцыяй вулічнай акцыі пратэсту ў гэты дзень у цэнтры сталіцы.

На "Беларусь 1" пераказалі папярэджанне мінскай міліцыі "аб недапушчальнасці незаконнай агітацыі і правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў". На сайце ГУУС напярэдадні з'явілася інфармацыя пра тое, што такое папярэджанне аб адміністрацыйнай адказнасці атрымаў адзін з лідараў аргкамітэта па стварэнні БХД Павел Севярынец. Як вядома, акцыя, пра якую апазіцыянеры праінфармавалі гарадскія ўлады, планавалася на Кастрычніцкай плошчы. Міліцыя нагадала Севярынцу, што ў Палацы Рэспублікі праходзяць навагоднія мерапрыемствы для дзяцей. Будзе падобная дабрачынная акцыя і 20-га. Таму было заяўлена, што "правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства ўяўляе пагрозу бяспецы дзяцей і іх бацькоў". І міліцыя збіраецца прыняць усе меры, каб бяспека для грамадзян, а сярод іх і дзяцей, была забяспечана.

Падобнае прагучала і на АНТ. Заяўлена, што апазіцыя заклікае людзей на вуліцу, "не думаючы пра бяспеку і наступствы". Былі паказаныя кадры папярэдняй антыінтэграцыйнай акцыі, калі адбылася сутычка пратэстоўцаў і сілавікоў на прыступках Палацу Рэспублікі. "Цытадэль для адпрацоўкі штурмавых навыкаў", — цытата з сюжэта.

На сайце БЕЛТА з'явіўся тэкст палітолага Аляксея Бяляева пра тое, што "апазіцыйныя сілы перадзёргваюць сэнс інтэграцыі дзеля палітычных ачкоў". А Андрэй Мукавозчык на sb.by змясціў тэкст з загалоўкам "Планы на вецер. Чаму "дэмакраты" плююць на нашу бяспеку".

Гэта можа азначаць, што ніякіх несанкцыянаваных акцый на Кастрычніцкай плошчы не дапусцяць. На карысць гэтай версіі сведчаць прэвентыўныя затрыманні актывістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі