Apple Tea “Ten-Ten”
Шосты студыйнік джаз-бэнда, запісаны ў Варшаве пры ўдзеле былога саксафаніста Андрэя Матліна і польскага трубача Роберта Маеўскага.
Apple Tea выпусцілі чарговы бэстсэлер. “Ten-Ten” — гэта дзесятка п’ес, энергія і магутнасць якіх навальваецца на слухача, як залева. Залева цёплая, злёгку калючая. Яна пакідае пасля сябе празрыстыя лужыны і сонца ў іх.
Пласцінка “Ten-Ten” пісалася ў Варшаве — беларускія джазмены знайшлі паўнавартасную студыю з неабходным раялем менавіта ў польскай сталіцы. Натуральна, што жывое гучанне інструмента робіць музыку джаз-бэнда яшчэ больш яскравай, аб’ёмнай, дакладнай і нават у нечым дасканалай.
П’есы “Ten-Ten” напісаныя ў розныя гады. Тут знаходзіцца месца і твору “Pink Sigmund”, вядомаму па альбоме 1997 года “Angry Girls”, і п’есе “Unsuccessful Tour in Munich”, якая гучала яшчэ на фэсце Kaunas Jazz-98. Ёсць цалкам новыя кампазіцыі кшталту “In a Yellow Tone”, “Rio Breeze”, “Sunny Samba”. Усе яны пададзеныя пад соўсам сучаснага джазу, які ўмела гуляе з фарбамі, адценнямі ды тонамі.
Кожная пласцінка Apple Tea захоўвае фірмовы почырк гурта. Таму не дзіва, што ў “Rio Breeze” чуюцца інтанацыі “Parnat Samba” з дыску 2006 года “Instead Of You” і знакамітай п’есы “Apple Tea”. Дарэчы, свой унёсак у сакавітае гучанне “Ten-Ten” робіць і маладая вакалістка бэнда Саша Захарык. У яе выкананні візітоўка Apple Tea “Apple Tea”, якая адмыслова з’яўляецца ў кожным альбоме гурта, робіцца песняй на партугальскай мове — салодкай, марской, у духу bossa-nova і ў лепшых традыцыях Антоніа Карласа Жобіма.
Назвы песень Apple Tea па-ранейшаму незвычайныя. Як і вокладкі альбомаў, над якімі чаруе сам Уладзімір Цэслер.
“Ten-Ten” — маштабная праца 20-гадовага гурта, які не страчвае жадання здзівіць і зрабіць адкрыццё новага джазавага вострава.