Пугач: У навагоднюю ноч мы ставім цэннік, памножаны на n

Спявак Тэа выступае на Новы год у Латвіі. А Зміцер Вайцюшкевіч шчаслівы сустрэць год блакітнай казы на сваім хутары на Нёмане. Прамяняць сямейнае свята на канцэрт музыка можа толькі за 50 тысяч долараў. Еўрарадыё даведалася пра планы беларускіх артыстаў на навагоднюю ноч.

"Як правіла, артысты граюць у Новы год, каб накасіць пабольш бабла, — не хавае мэты лідар "Дай Дарогу!" Юрый Стыльскі. А мы ўжо перад Новым годам накасілі бабла, заадно і для душы, і для цела. Таму Новы год сустрэнем з роднымі і блізкімі".

Навагодні чос скончыўся ўжо і для гурта J:морс: сёння ўвечары Уладзімір Пугач выпраўляецца сустракаць 2015 год у Еўрасаюз.

"У навагоднюю ноч мы ставім цэннік памножаны на n, але калі камусьці не церпіцца, тады застаёмся, прыязджаем на мерапрыемства сем'ямі і святкуем. Калі такога няма — усе раз'язджаемся па справах", — распавядае Уладзімір.

У Латвію, але не адпачываць, а граць канцэрт на Новы год адпраўляецца прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2014" Тэа:

"Я проста захацеў сумясціць і адпачынак, і працу, і там гэта атрымаецца зрабіць. Прапанова вельмі цікавая".

Гурт Apple Tea ні ў джазавым, ні ў "кавер-бэндавым" выглядзе не грае на Новы год ужо 6 гадоў: рэстараны цяпер у святочную ноч робяць стаўку на адмысловую праграму з фокуснікамі, танцавальнымі калектывамі і дыджэямі, каб у купе з недарагімі квіткамі прыцягнуць да сябе наведвальнікаў.

"Мне, шчыра кажучы, падабаецца, што я не працую ў навагоднюю ноч, — смяецца бубнач гурта Аляксандр Сапега. — Я памятаю, калі толькі пачынаў рэстаранную дзейнасць, думаў: "Божа, які я няшчасны чалавек. Усё жыццё давядзецца граць на Новы год. Ні асабістага жыцця, нічога". А тут усё змянілася ў лепшы бок. Нават калі мне цяпер прапануюць вялікія грошы за выступ, я ужо падумаю".

А вось Зміцер Вайцюшкевіч можа змяніць свае сямейныя навагоднія планы толькі за 50 тысяч долараў. Калі не — дык музыка застанецца на сваім хутары "Вайцюшкі" на Нёмане:

"Мне вельмі падабаецца тое, што я маю — нікуды не ехаць, нікому не быць абавязаным. Але парады даваць не буду, бо кожны мусіць прымаць рашэнне самастойна. Мне падаецца, што ўсё ж на Новы год трэба быць з сям'ёй, сябрамі, напівацца, адпачываць і філасофстваваць".

Праўда, бываюць прапановы, ад якіх немагчыма адмовіцца.

"Я ў Беларусі сёлета ў Новы год не выступаю, — прызнаецца Аляксей Хлястоў. Проста не было выгадных прапановаў, калі ўлічваць цяперашнюю эканамічную сітуацыю. Таму прыняў рашэнне выступіць у іншай краіне".

Учора скончыліся "ёлкі" (ажно 18! за снежань) у гурта "Без Білета". І Віталь Артыст неверагодна гэтаму рады:

"Дзякуй Богу, што навагоднюю ноч мы правядзем з сем'ямі. Мы ўжо напрацаваліся настолькі, што наўрад ці нейкая буйная сума здолее перашкодзіць нашаму сямейнаму святу".

Легендарны Лявон Вольскі з сям'ёй ужо таксама пакінуў родныя беларускія прасторы і рыхтуецца да сустрэчы Новага года за мяжой. Па словах дырэктара "Крамбамбулі" Ганны Вольскай, карпаратывы ў гурта таксама скончаныя — іх было не шмат, але былі яны вельмі душэўнымі.

Гурт Trubetskoy у сваю чаргу запрашае прыхільнікаў адсвяткаваць Новы год разам у маскоўскім China-Town-Cafe. Беларускія музыкі абяцаюць сыграць забойныя хіты "Ляпісаў" і новыя песні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі