Апублікаваны праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі

Апублікаваны праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі

Апублікаваныя асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады. Як мяркуецца, яе прыме пяты Усебеларускі народны сход. Праект з'явіўся пад лозунгам "Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!".

У дакуменце адзначаецца, што галоўны вынік 2011-2015 гадоў ("чацвёртай пяцігодкі") — гэта "захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва". Сярод дасягненняў называюцца: уваходжанне Беларусі ў ТОП-50 краін свету з высокім узроўнем чалавечага развіцця, рост ВУП, павышэнне памераў сацыяльных гарантый і даходаў насельніцтва, істотнае паляпшэнне дэмаграфіі, працягненне масавага будаўніцтва даступнага жылля, выхад на сусветны ўзровень айчыннай медыцыны, маштабная мадэрнізацыя прамысловасці і сельскай гаспадаркі, быў узяты курс на паскораную інфарматызацыю.

Пералічваюцца і праблемы. Гэта падзенне экспарту, даходаў прадпрыемстваў і бюджэту, замаруджванне тэмпаў росту эканомікі, рост інфляцыі і знешняга доўгу нашай краіны, зніжэнне якасці прадукцыі, тармажэнне ўкараненняў інавацый, "напружанасць з выплатай заработнай платы", недахоп інвестыцый, слабое развіццё сярэдняга і малога бізнесу.

"Акрэсленыя праблемы сур'ёзныя, але не катастрафічныя. Іх пераадоленне стане адной з ключавых задач бягучай пяцігодкі", — пішуць аўтары праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады.

Адзначаецца, што галоўная мэта развіцця краіны ў гэты перыяд — павышэнне якасці жыцця насельніцтва "на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця". ВУП у 2020 годзе, у параўнанні з 2015-м, мусіць вырасці на 12-15%, рэальныя грашовыя даходы беларусаў — на 9,5-11,6%. Стаўкі па крэдытах да канца 2020-га плануецца знізіць да 9-11%. "У кожнай беларускай сям'і будзе магчымасць пабудаваць свой дом ці кватэру", — такое абяцанне ёсць у праекце.

Асноўныя прыярытэты: інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і моладзь. Абяцаецца "разнявольванне дзелавой ініцыятывы", спыненне росту цэн, лібералізацыя валютнай сістэмы, абнаўленне сістэмы кіравання эканомікай. Больш падрабязна гл. тут.

Як вядома, Усебеларускі народны сход прызначаны на 22-23 чэрвеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі