Арамнаў пракаментаваў найгоршы вынік у кар'еры: "Дай ляшча журналісту"

Андрэй Арамнаў / IWF
Андрэй Арамнаў / IWF

Беларускі цяжкаатлет, алімпійскі чэмпіён Пекіна-2008 Андрэй Арамнаў на выхадных паказаў найгоршы вынік у кар'еры на топ-турнірах. Спартсмен, якому 17 красавіка споўніцца 33 гады, заняў 14-е месца на чэмпіянаце Еўропы.

"Пры ўласнай вазе 119,68 кг [Арамнаў] падняў на турніры ўсяго 375 кг у суме (5-е месца ў групе "Б"). Гэта на 51 кг менш, чым беларус здужаў на ЧС-2019", — так напісала газета "Прессбол" 11 красавіка.

Еўрарадыё патэлефанавала Арамнаву, каб даведацца, што ён думае пра сваю форму і вынікі. Бо да Алімпіяды ў Токіа засталося крыху больш за тры месяцы!

— Перадай яму [аўтару "Прессбола". — Еўрарадыё], што ён дурань. А наступны раз яго сустрэнеш — дай яму ляшча, — адказаў спартсмен на пытанне пра сціплы вынік на чэмпіянаце Еўропы.

Як тлумачыць Арамнаў, для ляшча ёсць дзве прычыны. "Па-першае, журналіст нічога не разумее ў цяжкай атлетыцы. Па-другое, хутка Алімпіяда, а ў маім узросце нельга рыхтавацца ўвесь час. Я павінен рыхтавацца ў пэўныя старты і ў пэўны момант часу. А так я проста выступаю, набіраю ачкі, рыхтуюся да Алімпіяды".

Эксцэнтрычны спартсмен дадаў, што яго баявы настрой не памяняўся.

— Усё ідзе па плане. Калі ў мяне атрымаецца, то я падрыхтуюся. А калі не атрымаецца, то ўсё ўжо, значыць, стары я стаў. Калі я буду слабы, я абавязкова саступлю месца моладзі. А калі я змагу даць дыхту, то я яго абавязкова дам, — сказаў на заканчэнне Андрэй.

13 гадоў таму ў Пекіне Арамнаў устанавіў адразу тры сусветныя рэкорды ў вагавой катэгорыі да 105 кг. Але потым у спартсмена пачаліся праблемы. Яго некалькі разоў затрымалі ў нецвярозым стане за рулём, умоўна дыскваліфікавалі, пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі.

У 2017 годзе Арамнава судзілі і пакаралі двума гадамі абмежавання волі. Ён ужо збіраўся быў скончыць кар'еру, але перадумаў. А ў 2019 годзе здзейсніў уражальны камбэк, узяўшы срэбра чэмпіянату свету і чэмпіянату Еўропы ў вагавой катэгорыі да 109 кг.

Таму не варта скідаць спартсмена з рахункаў: ён умее збірацца і паказваць вынік. Вось толькі ці атрымаецца гэтым разам — у такім паважным узросце для спорту высокіх дасягненняў?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі