Чэмпіён свету Арамнаў — пра ціхароў: "Міліцыянт павінен быць у форме. Кропка"

Чэмпіён свету Арамнаў — пра ціхароў: "Міліцыянт павінен быць у форме. Кропка"

Чэмпіён свету і Алімпійскіх гульняў, штангіст Андрэй Арамнаў падчас падпісной кампаніі падтрымаў альтэрнатыўнага кандыдата — кіраўніка партыі БСДГ Сяргея Чэрачня

У адрозненне ад многіх іншых імянітых спартоўцаў, якія выказаліся за Аляксандра Лукашэнку, Арамнаў прыйшоў на пікет да Чэрачня і зрабіў сумесны здымак.

"Я хацеў звярнуць увагу патэнцыйных выбарнікаў на маладых, таленавітых беларускіх палітыкаў. І я гэта зрабіў. Сяргей Чэрачэнь — айцішнік, бізнесовец, антыкрызісны менеджар. Ён мне імпануе, бо прадстаўляе новую генэрацыю дзелавой Беларусі... Што тычыцца голасу, які я буду аддаваць 9 жніўня, — гэта ўласнае рашэнне, і хай яно да канца застаецца маім. Ніхто ў гэтай краіне не зможа навязаць нейкую сваю думку. Таксама як і нельга пазбаўляць чалавека права на пратэст", — цытуе Радыё "Свабода" словы Арамнава.

Алімпійскі чэмпіён кажа, што кожны павінен мець права на свабоду выказванняў. Ён крытычна ацэньвае вулічныя разгоны апошніх дзён: "Паводле міліцыі, ёсьць парушэнне правілаў масавых збораў, патрэбны дазвол. З аднаго боку, на мітынгі трэба выходзіць, каб улады разумелі, што рэальна адбываецца ў краіне. З іншага, што гэта дасць ва ўмовах, калі пратэстоўцаў мала, няма лідэра? Атрымаюць штраф ці суткі. Стопрацэнтна згодны, што нельга пазбаўляць права на свабоду выказвання. Але каб улады лічыліся, маштаб павінен быць іншы. Хоць нават такая актыўнасць паказвае, што рэйтынг прэзідэнта дастаткова нізкі. Не пад 80%, нашмат меней. Ну, і сілавікам трэба нешта рабіць, каб захаваць парадак".

А вось дзеяннмі сілавікоў у цывільным, якія затрымліваюць грамадзян, спартовец абураецца. "Міліцыянт павінен быць у форме. Кропка. Усе астатнія, хто хапаюць людзей, — апрыёры хуліганы, якім трэба адказваць іхнімі ж метадамі. Я не трапляў у такую сітуацыю, але гарантую: кожны атрымаў бы па кумпалу. Можа, абрабаваць хочуць, медалі скрасці, я ж не ведаю, што ў іх за думкі. Чаго ходзіш у трэніках, мундзір згубіў? Ну дык дрэнны супрацоўнік, хай начальства разбярэцца, ці варта трымаць. І караць тых, хто адбіваецца ад незразумелых чувакоў, — абсурд. Стаіце на варце парадку — калі ласка, абазначце сябе, а не прыкідвайцеся "мірнымі грамадзянамі“, — заяўляе штангіст.

Пры гэтым Арамнаў лічыць, што пры ўладзе застанецца цяперашні кіраўнік краіны. "Не кажу, што перадвызначана на 100%, усё ж апошняе слова скажуць беларусы. Але сітуацыя сведчыць, што кампанія скончыцца на карысць дзейнага прэзідэнта. Шмат хто апасаецца, што галасаванне будзе "нячэснае", выбары зноў сфальсіфікуюць, але многія падтрымаюць "стабільнасьць". То бок проста пужае эксперымент з новым чалавекам на чале краіны", — мяркуе ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі