Арамнаў: трэба стварыць партыю, а калі яе не паслухаюць, тады ісці на мітынгі
Алімпійскі чэмпіён штангіст Андрэй Арамнаў у інтэрв'ю Tribuna.com расказаў пра сваё стаўленне да цяперашніх вулічных акцыяў у Беларусі.
Як расспавядала Еўрарадыё, падчас вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Арамнаў паставіў подпіс за Сяргея Чэрачня. Пазней ён асудзіў дзеянні сілавікоў, якія дзейнічаюць на вуліцах без формы: "Калі затрымлівае чалавек без апазнавальнай формы, то я лічу, што гэта бандыт. Таму што праваахоўнік заўсёды павінен быць адзеты па форме".
Цяперашнія вулічныя акцыі ён называе "беспарадкамі" і "контрпрадуктыўнымі".
"Я лічу, што мітынгі, з аднаго боку, паказалі незадаволенасць грамадзян Рэспублікі Беларусь. Але я лічу, што калі такая сітуацыя ўзнікла і так шмат людзей збіраецца, то трэба вырашаць усё законна, законным шляхам. Ствараць сапраўдную апазіцыю, сапраўдную палітычную партыю. І размаўляць з уладай на мове закона", — заяўляе Арамнаў.