Арганізатары "Чарнобыльскага шляху" адмовіліся плаціць міліцыі за ахову акцыі
Арганізатары "Чарнобыльскага шляху" адмовіліся падпісваць дамову з мінскай міліцыяй на ахову акцыі. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё распавёў адзін з заяўнікаў мерапрыемства Юрый Меляшкевіч, прадстаўнік Руху "за Свабоду".
Меляшкевіч: "Па-першае, падпісанне ці непадпісанне дамовы не адмяняе нашую адказнасць за парадак падчас мерапрыемства. Па-другое, з нашага досведу, кожнае мерапрыемства заканчваецца незаконнымі затрыманнямі ўдзельнікаў масавых акцыяў з боку міліцыі. І плаціць грошы за такую працу мы не хочам і не будзем".
Кіраўнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў, па словах Меляшкевіча, пагражаў скласці адміністрацыйныя пратаколы на арганізатараў адразу ж на перамовах. Аднак потым прадстаўнікі міліцыі заявілі, што знойдуь іншыя спосабы спагнаць з арганізатараў грошы за акцыю. На думку Меляшкевіча, гэта азначае, што заяўнікам акцыі пагражаюць штрафамі.
Збор удзельнікаў "Чарнобыльскага шляху" прызначаны а 18-й гадзіне 26 красавіка каля кінатэатра "Кастрычнік". Плануецца, што ўдзельнікі пройдуць па вуліцы Сурганава да чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў.