Археолаг Крывальцэвіч: Няма ніякага сэнсу ў раскопках на будоўлі каля Курапат

Археолаг Крывальцэвіч: Няма ніякага сэнсу ў раскопках на будоўлі каля Курапат

На прыёме ў кіраўніка Мінгарвыканкама Андрэя Шорца актывістам прапанавалі правесці раскопкі на месцы будоўлі каля Курапат, каб даказаць што там няма костак. Нібыта, на сустрэчы прысутнічаў прадстаўнік Акадэміі навук.

Супрацоўнік Інстытута гісторыі, археолаг Мікола Крывальцэвіч у такіх раскопках не бачыць сэнсу. Але настойвае, што будоўлі там не мусіць быць. Пра гэта ён распавёў у размове з Еўрарадыё.

Мікола Крывальцэвіч: “Пахаванняў там не будзе, бо зона размяшчэння магіл знаходзіцца ў лясной зоне. Гэтая тэрыторыя, дзе цяпер будоўля, была некалі ўзвышанай бязлеснай часткай, была ўскраінай вёскі. Ніякіх расстрэлаў там не магло быць. Гэтая зона будоўлі некалі ўваходзіла ў ахоўную зону і такую зону аховы, безумоўна, трэба захаваць. А сэнсу капаць там няма, тым больш, там даўно ідзе інтэнсіўная забудова, плюс камунікацыі”.

Фактычна, тэрыторыя сённяшняй будоўлі каля мемарыяла “Курапаты” ужо некалькі разоў перакопвалася падчас будаўніцтва і пракладкі камунікацый.

Нагадаем, ужо 10-ты дзень каля Курапат ідуць пратэсты супраць узвядзення там офіснага цэнтра. Зямлю прадалі забудоўшчыку з аўкцыёна, калі яна яшчэ ўваходзіла ў ахоўныя межы помніка.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі