Арына Сабаленка двойчы прайграла ў 1/8 фіналу US Open
Арына Сабаленка двойчы прайграла ў 1/8 фіналу US Open. Пасля цяжкага трохсэтавага паядынку ў адзіночным разрадзе ў беларускай тэнісісткі не засталося сіл на матч у парным разрадзе.
Спачатку быў паядынак з Наомі Осака з Японіі, 19-й ракеткай свету, якая ў папярэднім раўндзе ўчыніла разгром беларусцы Аляксандры Сасновіч (6:0, 6:0). Першы сэт Арына праваліла — 3:6. У другім сэце беларуска не пакінула ніякіх шанцаў японцы — 6:2. У трэцім Сабаленка шмат памылялася (агулам за паядынак у яе было 8 двайных памылак, у саперніцы толькі 3), яе "двайныя" і сталі рашаючым фактарам у вырашальныя моманты. Вынік — 4:6. "Я толькі старалася стрымаць гэты шторм", — прызналася Осака. Яна, дарэчы, гуляла выдатна.
Сабаленка пасля гэтага яшчэ правяла парны паядынак 1/8 фіналу. Разам з кітаянкай Се Шувэй яна саступіла Эліс Мертэнс з Бельгіі і Дэмі Схюрс з Галандыі — 5:7, 4:6. Матч працягваўся больш за паўтары гадзіны.