Астраном: “Спадзяюся, людзі па ўсім свеце пачнуць шукаць дзявятую планету”
Астраномы заявілі пра існаванне новай планеты ў Сонечнай сістэме — планеты Х. Нягледзячы на падзенне цаны на нафту, абвал расійскага рубля і чарговыя заявы палітыкаў з нагоды мігранцкага крызісу, гэтая навіна выйшла ў топы сусветных СМІ.
Пра адкрыццё паведамілі навукоўцы Каліфарнійскага тэхналагічнага інстытута Майкл Браўн і Канстанцін Батыгін.
“З часоў адкрыцця Урана і Нептуна былі адкрытыя толькі дзве рэальныя планеты. Гэтая будзе трэцяй. Існуе вельмі важная частка Сонечнай сістэмы, якая ўсё яшчэ не адкрытая, што вельмі ўзрушвае”, — заявіў Браўн.
Касмічны аб’ект рухаецца па эліптычнай арбіце і ў 10 разоў перавышае масу Зямлі. Поўны яго абарот вакол Сонца займае ад 10 да 20 тысяч гадоў. Цяпер гэтае нябеснае цела знаходзіцца прыкладна ў 20 разоў далей ад Сонца за Нептун, самую аддаленую ад гэтай зоркі планету з вядомых.
Навукоўцы не бачылі новую планету ў тэлескоп, яны разлічылі яе існаванне шляхам матэматычнага аналізу.
“Усе самыя аддаленыя аб'екты нашай сістэмы рухаюцца ў адным кірунку па невытлумачальнай траекторыі, і мы зразумелі, што адзінае тлумачэнне гэтага — існаванне вялікай далёкай планеты, якая іх утрымлівае разам, пакуль яны круцяцца вакол Сонца”, — сказаў Майкл Браўн.
Каб “засекчы” планету Х на такой адлегласці, неабходны тэлескоп з высокай адчувальнасцю і шырокім полем агляду. Да таго ж астраномы толькі прыкладна ўяўляюць месцазнаходжанне планеты, паведамляе часопіс Science.
“На Зямлі ёсць шмат тэлескопаў, тэарэтычна здольных яе знайсці. Я вельмі спадзяюся, што пасля нашай заявы людзі па ўсім свеце пачнуць шукаць дзявятую планету”, — выказаў спадзеў Браўн.
Майкл Браўн нясе адказнасць за смерць Плутона як планеты. У 2005 годзе ён адкрыў карлікавую планету Эрыда, якая тады падавалася большай за Плутон. Гэта і стала падставай для перагляду статусу апошняга.
Можа, цяпер Браўн верне Сонечнай сістэме дзявятую планету і прымусіць перапісаць новыя падручнікі.