"Атамбудэкспарт" даў афіцыйны каментарый па здарэнні з корпусам рэактара
Генеральны падрадчык будаўніцтва Беларускай АЭС інжынірынгавая кампанія "Атамбудэкспарт" выступіла з афіцыйным каментарыем наконт здарэння з корпусам рэактара.
"У цяперашні час ажыццяўляецца транспартаванне чыгуначным транспартам корпуса рэактара для Беларускай АЭС у суправаджэнні прадстаўніка завода — вытворцы АЭМ-Атаммаш. Згодна з тэхнічным рэгламентам, корпус рэактара перавозіцца ў транспартным ахоўным кажуху, у агараджальнай габарытнай канструкцыі, пры выкананні ўсіх тэхнічных патрабаванняў па бяспецы транспартавання. У ноч з 25.12.16 на 26.12.16 пры манеўровых працах на адной са станцый Беларускай чыгункі адбыўся дотык ахоўнага кажуха з апорай кантактнай сеткі. Па прыбыцці грузу на пляцоўку збудавання АЭС будзе праведзеная старанная тэхнічная экспертыза на ўваходным кантролі ў адпаведнасці з дзейнымі нормамі і правіламі".
Акцыянернае таварыства "Атамбудэкспарт" — вядучая знешнеэканамічная інжынірынгавая кампанія Дзяржкарпарацыі "Расатам" па будаўніцтве аб'ектаў ядзернай энергетыкі за мяжой.
Як паведамлялася раней, гэта ўжо другі корпус рэактара для Беларускай АЭС, з якім адбываюцца здарэнні.