У бальніцы Мазыра застаецца 13 атручаных дзяцей

У Мазыры атруціўся 71 школьнік. 13 з іх дагэтуль застаюцца ў мясцовай лякарні. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў галоўны урач Мазырскай гарадской бальніцы Сяргей Ганковіч:

“Усяго да нас паступіў 71 дзіцёнак. Большасць з іх адпушчаныя дадому. У тых, хто застаўся, нічога сур’ёзнага не назіраецца – харчовая інфекцыя”, — гавораць у бальніцы. Там абяцаюць, што ў бліжэйшы час усе дзеці будуць дома.

Тым часам прычына масавага атручэння пакуль застаецца невядомай. Дзеці ў бальніцу паступілі з розных школ, што выключае віну кухараў. Бацькі пацярпелых школьнікаў пішуць на форумах, што найбольш верагоднай прычынай атручэння іх дзяцей – глазураваныя сыркі аднаго з беларускіх вытворцаў.

“Мой сын таксама атруціўся ў школе. Выклікалі хуткую і ездзілі на прамыванне. Вельмі шмат было дзяцей… Ва ўсіх школах меню было рознае, але ўсім давалі глазураваныя сыркі”, — піша адзін з бацькоў.

У размове з карэспандэнтам Еўрарадыё намеснік дырэктара па вытворчасці Бярозаўскага сыраробнага камбіната Наталля Бялека абвяргае падазрэнні.

“Мы разбіраемся з гэтым пытаннем. Гэтага не можа быць. У Мазыр было адгружана 8400 сыркоў, а атручэння толькі 70 выпадкаў. Дзе рэшта? У нас тут цяпер ізноў санстанцыя, праверка ідзе. Сыркі ў нас чыстыя, мы ўсё праверылі. Я гарантую, што ў нас якасная прадукцыя”.

Дакладную прычыну павінен устанавіць Мазырскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Цяпер там праходзіць нарада з удзелам гарадскіх і рэспубліканскіх спецыялістаў.

Нагадаем, што дзеці ў гарадскую бальніцу Мазыра пачалі паступаць днём 19 верасня. Атруціліся вучні трох школ і адной гімназіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі