Аўтар “Дзяўчыны ў вышыванцы”: Патрапіла ў топ таму, што свет цікавіцца Беларуссю

Аўтар “Дзяўчыны ў вышыванцы”: Патрапіла ў топ таму, што свет цікавіцца Беларуссю

Мінскі мурал “Дзяўчына ў вышыванцы”, створаны ў межах праекту Urban Myths, увайшоў у ТОП-10 лепшых лістападаўскіх графіці свету. Гвіда ван Хэльтэн пагадзіўся паразмаўляць з Еўрарадыё глыбокай аўстралійскай ноччу, ён вельмі ўсцешаны падзеяй і называе “Дзяўчыну” з Рабкораўскай сваім любімым праектам:

“Гэтая праца самая свежая, самая развітая. І я цудоўна правёў час, ствараючы яе. Мяркую, што яна самая любімая. Патрапіла ў топ, у тым ліку, і таму, што свет цікавіцца Беларуссю”.

“Дзяўчына ў вышыванцы” у Гвіда не адна. Апроч мінскай яшчэ дзве кіеўскія: між сабой яны падобныя, але не аднолькавыя. Аднак, сцвярджае мастак, вышыванка — гэта толькі вяршыня айсберга, а яму хацелася б раскрыць тое, што схавана глыбей:

“Гэта вельмі магутныя сімвалы, — разважае Гвіда пра арнамент. — Вельмі арыгінальныя. А вышыванка — гэта візуальнае мастацтва. Гэта першы ўзровень культуры. Але ваша культура нашмат больш глыбокая. Я хацеў бы папрацаваць над праектамі, якія раскрываюць вашу культуру на больш глыбокім узроўні”.

Аўтар “Дзяўчыны ў вышыванцы”: Патрапіла ў топ таму, што свет цікавіцца Беларуссю
Адна з украінскіх дзяўчат у вышыванцы. Леся.

Праз нейкі час Гвіда ван Хэльтэн збіраецца вярнуцца ў Беларусь, каб “працягнуць даследаваць культурныя ідэі, якія дазвалялі б рухацца глыбей”. Яму вельмі спадабалася ціхае жыццё Мінска, паездкі на працу на метро і ўключанасць у жыццё горада.

“Я чуў, як людзі называюць Мінск шэрым, а будынкі цёмнымі. Але людзі былі вельмі ветлівыя са мной. Гэта мая любімая частка, — успамінае мастак. — Падчас працы да мяне падыходзіла шмат людзей, дзякавалі, пыталіся нават, чым дапамагчы. Так не адбываецца паўсюль. Ведаеш, я ацэньваю краіну і гарады па людзях, і таму знаходжу, што Мінск — цудоўнае месца”.

Аўтар “Дзяўчыны ў вышыванцы”: Патрапіла ў топ таму, што свет цікавіцца Беларуссю

Гвіда не лічыць сябе стрытартэрам. Кажа, што само паняцце паціху састаравае. Ён называе сябе проста мастаком, працы якога ў стылі рэалізм размешчаныя на сценах.

Каляды, хутчэй за ўсё, Гвіда правядзе ў Аўстраліі: цяпер ён працуе над вялікім муралам у маленькім мястэчку — вельмі сухім і гарачым, з насельніцтвам каля 200 чалавек.

Мінскія фота зрабіў Сяргей Гудзілін.

Фота з афіцыйнага сайта Гвіда ван Хэльтэна

Стрыт-арт у Мінску: Што задумалі аўтары і што ўбачылі мінакі (фота)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі