На мастацкі музей у Пецярбургу склалі пратакол за лозунг "Жыве Беларусь"
Карціна "Фестываль", на якую склалі пратакол
У Санкт-Пецярбургу пратакол за дэманстрацыю нацысцкай сімволікі склалі на музей сучаснага мастацтва "Эрарта". Прычынай стаў лозунг "Жыве Беларусь", паведамляе тэлеграм-канал кіраўніцы аб'яднанай прэс-службы судоў горада Дар'і Лебедзевай.
У матэрыялах справы сцвярджаецца, што 6 траўня музей сучаснага мастацтва "Эрарта" арганізаваў "публічнае дэманстраванне нацысцкай атрыбутыкі". Гаворка ідзе пра карціну "Фестываль", дзе паказваецца танец людзей у народных касцюмах, а побач з імі — тры мужчыны ў строгіх дзелавых касцюмах. Пад выявай зроблены чырвоны надпіс "Жыве Беларусь".
Эксперты вырашылі, што гэты лозунг быў сімвалам 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД і 30-й пяхотнай дывізіі Вафен-СС нароўні з нацысцкім прывітаннем. Матэрыялы справы перададзеныя ў суд.
Аўтарам карціны з'яўляецца мастак Сяргей Грыневіч. Ён намаляваў яе яшчэў 2014 годзе.
У музеі карціна з'явілася ў 2015 годзе. Надпіс пад ёй быў зроблены ў 2020-м з інцыятывы музея, піша Hrodna.life.
Дарэчы, у снежні 2019-га Уладзімір Пуцін зняў забарону на выкарыстанне нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі ў навуцы, мастацтве і літаратуры, калі пры гэтым няма прапаганды і апраўдання нацызму. Перад тым, як паведамлялася, расійскія суды былі проста перагружаныя такімі справамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.