Акцыяніст Аляксей Кузьміч піша, што ён выйшаў на волю
Аляксей Кузьміч
Імаверна, мастака-акцыяніста Аляксея Кузьміча выпусцілі з цэнтра ўтрымання ў Францыі. Пра гэта заявіў ён сам у сваім фэйсбук-акаўнце.
Раней у акаўнце Кузьміча з'яўляліся тэксты пра тое, што мастак трымае галадоўку. Цяпер акцыяніст апублікаваў здымкі, на якіх відаць, што ён значна схуднеў.
Сцвярджаецца, што здымкі зробленыя на парыжскіх могілках Пер-Лашэз. Акцыя Кузьміча на іншых могілках стала прычынай яго затрымання. Беларус у рамках перфомансу спрабаваў раскапаць у мястэчку Овер-сюр-Уаз магілу знакамітага мастака Вінсэнта ван Гога (1853 — 1890).
Кузьміч быў не толькі ў белай вопратцы, але і з пабеленым тварам. Ён заклікаў Ван Гога "падняцца" з магілы, бо яму "невыносна жыць у свеце, дзе скончыліся мастакі". І пачаў на вачах у турыстаў і выпадковых мінакоў капаць лапатай зямлю вакол магілы, але яго спынілі французскія сілавікі.
Гэта не першы скандальны перформанс Кузьміча ў Францыі. Увесну 2021-га ён спрабаваў трапіць у Елісейскі палац з бутэлькай, "якая нагадвае кактэйль Молатава", і таксама быў затрыманы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.