Аўтар фота Мінска з вышыні: Спадзяюся, фатаграфіі Лукашэнку спадабаюцца

Фатограф з Расіі Дзмітрый Балакіраў выклаў у сваім блогу фатаграфіі Мінска, зробленыя з вышыні. У кадры камеры, размешчанай на квадракоптары, з'явіліся адміністрацыя прэзідэнта і будынак КДБ. У СМІ фотарэпартаж адразу назвалі забароненым, а сам аўтар фота здзівіўся таму, што кадры Мінска выклікалі такі рэзананс і сталі нагодай для навін. Як аказалася, усе здымкі былі зробленыя за 7 хвілін і з адной кропкі над дваром ў цэнтры Мінска, дзе Дзмітрый з сябрамі здымаў жыллё.

Дзмітрый распавёў Еўрарадыё, чаму вырашыў здымаць менавіта гэты раён Мінска і ці не баяўся наступстваў.

Усё атрымалася выпадкова. Мы прыехалі ў Мінск з сябрамі. У нас 13 чэрвеня быў выхадны, і з'явілася магчымасць кудысьці з'ездзіць. Я прыляцеў у Маскву на самалёце і з сябрамі мы паехалі на аўтамабілі ў Мінск. Захацелі паехаць толькі таму, што тут ніколі не бывалі ў вас. Беларусь вельмі падабаецца, цікавая краіна, і я тут бываў толькі праездам. Ніякіх іншых падаплёк у гэтай паездцы няма. Месца здымкі абраў выпадкова. Мы жылі ў самым цэнтры горада, і з нашага двара я і падняў квадракоптар перад выездам. Зрабіў некалькі фотаздымкаў рана раніцай, каб нікому не перашкаджаць і нікога не палохаць. Я зрабіў некалькі здымкаў літаральна за 7 хвілін.

Мы селі ў аўтамабіль і з'ехалі. Я, вядома, баяўся, што нехта мог прыйсці. Я нават не лётаў направа і налева, проста пакруціўся вакол сваёй восі. Хоць ўсе дні, што мы знаходзіліся ў Мінску, я разумеў, што на захадзе і світанку можна было б зрабіць выдатныя кадры, і ніякіх праблем бяспекі гэта б не прынесла. Улічваючы, што любы можа адкрыць googlemaps і паглядзець са спадарожніка ўсе вашы рэжымныя аб'екты.

Гэта не нейкая акцыя, каб паказаць пралом у бяспекі. Мне ўжо дасылалі спасылкі, як у вас там таварышы ў метро залазілі, каб паказаць, як небяспечна. Я лічу, у сучасным свеце здымка з вышыні — гэта не нешта незвычайнае. Ва ўсім свеце квадракоптары набіраюць папулярнасць, здымкі з вышыні гэта спроба творчых людзей паказаць горад з новага ракурсу. На мой погляд, у маёй здымцы няма нічога незвычайнага, хіба што, я крыху рызыкнуў. Спадзяюся, ваш разумны ўрад паглядзіць здымкі і зразумее, што ў гэтым няма нічога дрэннага, і не будзе забараняць, а проста створыць закон, які будзе рэгуляваць палёты беспілотнікаў, як гэта зроблена ў развітых краінах кшталту Аўстрыі. Там ёсць размежаванне па класе гэтых апаратаў. І трэба атрымліваць просты дазвол перад палётам, проста, каб ведалі, хто і дзе запускае, і патрэбная страхоўка перад трэцімі асобамі. На той выпадак, калі квадракоптар ўпадзе на нечый аўтамабіль.

Вядома, нашы сябры, якія ладзілі нам экскурсію па Мінску, яны расказвалі пра выпадкі, калі забіралі ў міліцыю за сэлфі на фоне будынка КДБ, але мне здавалася, што гэта ўсё з разраду "качак". Можа, там сэлфі былі ў непрыстойнай позе. Пра здымку з дахаў я таксама чуў, што прыязджалі нейкія таварышы, якія траплялі на высокія будынкі і таксама там фатаграфавалі. Але гэта таксама не зусім правільна. Бо калі дах зачынены, то гэта камусьці трэба. Я асабліва нічога не парушыў, проста паказаў прыгожы горад з новага ракурсу. Таму што нам Мінск моцна спадабаўся. Падалося, як прыгожа і чыста. Вельмі мала рэкламы, горад не запаганены пярэстымі банерамі. Людзі добрыя. Калі спытаеш, колькі часу і куды прайсці, табе з усмешкай растлумачаць.

Я баяўся, што нейкімі наступствамі можа мне абярнуцца, калі мяне зловяць адразу. Таму што мне давядзецца тлумачыць, што я не шпіён.

У Маскве я не здымаў. Таму што яе ўжо ўсе адздымалі, і ў гэтым няма нічога эксклюзіўнага. А так, я падарожнічаю вельмі шмат, і заўсёды бяру з сабой квадракоптар — гэта мой другі інструмент пасля фотаапарата. Мне падабаецца, што фатаграфіі з яго незвычайныя і цікавыя. Але праблем нідзе не было. Я здымаў у Новай Зеландыі, па ўсёй Еўропе. Я часцей люблю прыроду фатаграфаваць, але ў выпадку Мінска мне падалося, што гэтыя фатаграфіі могуць быць эксклюзіўнымі, і мне захацелася некалькі штук зрабіць.

Я здымаю і ў Расіі. У мяне пра Чэлябінск некалькі відэаролікаў ёсць. Я больш люблю відэа здымаць з квадрокоптера, ён лепш паказвае горад. У Расіі таксама не ўсё добра. Калі ты на плошчы падымеш квадракоптар, можа падысці паліцыя і спытаць, што гэта такое, проста таму, што гэта нешта незразумелае. Усе законы ў свеце, якія спрабуюць урэгуляваць палёты беспілотнікаў, яны скіраваныя на тое, каб засцерагчы людзей ад лятучых камер. Калі ўсім дазволіць паўсюдна, то ёсць розныя дурні, якія не разумеюць, што калі квадракоптар хоць раз упаў або мае нейкія няспраўнасці, то над людзьмі нельга яго падымаць.

У Расіі быў рэзананс, калі мой знаёмы новазеландскі фатограф Эймас Чапл, ён здымае для BBC, невялікім квадракоптарам зняў Красную плошчу. Ён рана раніцай падняў квадракоптар і зрабіў прыгожы кадр. І быў рэзананс. Наколькі я ведаю, яму нехта патэлефанаваў, і ён выдаліў усе фота і вырашыў не звязвацца. Але працягвае фатаграфаваць ў іншых краінах.

У каментарыях людзі абмяркоўваюць. Нехта піша, што ніякіх жорсткіх законаў у Мінску няма, і ніякіх прэтэнзій не будзе. Нехта хіхікае, што я буду неўязны. Я думаю, што ў вас разумнае кіраўніцтва краіны і ніякіх праблем мае фатаграфіі не прынеслі.

Я заўсёды параўноўваю з аэрапортамі. Ёсць забарона на здымку ў аэрапорце. Калі я ў аэрапорце узяў фотаапарат і сфатаграфаваў, то да мяне падыходзіць ахоўнік і кажа, што забаронена здымаць. Але гэта ж глупства. Калі я захачу нешта зняць для нейкага нядобрага дзеяння, я магу купіць ручку са схаванай камерай і адздымаць ўсё так, што ніхто не заўважыць. Калі я адкрыта здымаю на фотакамеру, ніякіх наступстваў гэтыя здымкі даць не могуць. Так, можна будынак адміністрацыі параўнаць з Крамлём. Але мае фатаграфіі не могуць прынесці ніякага ўрону бяспецы гэтага будынка. Усё гэта можна разгледзець на картах google.

Я спадзяюся, што калі Лукашэнка ўбачыць гэтыя фатаграфіі, то яны яму спадабаюцца. І ў вас не будуць нічога забараняць. А наадварот возьмуць папулярных фатографаў, пасадзяць усіх у верталёт і дадуць магчымасць паздымаць горад з вышыні на світанку і заходзе, каб былі прыгожыя фатаграфіі, якія потым маглі б быць на паштоўках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі