Аўтар грошай са Скарынам: У цяперашніх банкнот няма нацыянальнага мэсэджу
14 верасня ў мінскім Палацы мастацтваў адкрылася выстава Аляксандра Зіменкі "Культурны слоік". Сярод керамічных і жывапісных прац мастака можна ўбачыць... выявы грошай з Купалам і Коласам. Тых самых, надрукаваных у 1993 годзе ў Германіі на фабрыцы Giesecke & Devrient, якія з-за рэферэндуму 1995-га года так сталі грашыма.
"Тады я супрацоўнічаў з Дзяржзнакам і быў у абойме Нацбанка. Мне патэлефанавалі і прапанавалі заняцца грашыма. Я думаў, што манетамі, бо дагэтуль зрабіў першую нацыянальную манету. Але яны агаломшылі: "Папяровыя, калі ласка", — узгадвае Аляксандр. — Прыехаў дадому і кажу сыну: ну, цягні сваю калекцыю. Я ж ніколі гэтым не займаўся. Глянуў у лупу — гэта ж жах, гэта ж немагчыма намаляваць! А потым сеў і паглядзеў, што патрэбна, і што я магу. Патрэбная нумарацыя, партрэт, дзяржаўныя сімвалы і гэтак далей. На 13-ці сантыметрах і маляваць, здаецца, няма чаго, апроч гэтага".
Што на новых беларускіх банкнотах будуць партрэты Купалы, Коласа, Багдановіча і Скарыны, было вырашана наверсе. А вось для вадзянога знака Зіменка самастойна абірае вобраз Паўліны Мядзёлкі. Маўляў, калі ёсць паэты, мусіць быць і муза. На зваротным баку купюры мастак размяшчае прыклады дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. На адным рублі — выяву Камянецкай Вежы, на пяцёрцы — Свята-Ефрасіньеўскую царкву ў Полацку, якая ўпрыгожвае і цяперашнія грошы.
Прыкладам былі амерыканскія долары. Эскіз сторублёвай купюры з партрэтам Скарыны адправілі факсам у Мюнхен. Немцы далі дабро і запрасілі мастака Зіменку на двухтыднёвую стажыроўку.
Паляцеў у Германію Аляксандр, валодаючы французскай мовай і гэта не перашкодзіла яму пасябраваць з мастаком Giesecke & Devrient Хансам Мюлерам і даваць парады босу кампаніі Зігрфрыду Ота:
"Ота паклікаў мяне і кажа: "Мы пяць гадоў рыхтуем мастакоў, якія малююць грошы. А ты за два тыдні справіўся. Давай да нас на працу!". А потым паказаў мне балівійскія купюры, дзе Балівар сядзіць на кані, конь стаіць на камені. Але ногі ў каня не ў руху, а як у казы. Я кажу, што героі мусяць быць у руху, як Банапарт на карціне Гру. Ён паглядзеў на мяне, сказаў, што заўвага слушная, і… перарабіў банкноту".
Аляксандр Іванавіч так і не дачакаецца моманту, калі ў банках пачнуць выдаваць новенькія купюры: рэферэндум 1995-га заменіць "Пагоню" і бел-чырвона-белы сцяг іншай сімволікай. Адпаведна, і грошы спатрэбяцца іншыя. За працу яму заплацяць толькі праз дзесяць гадоў, і тое, у выглядзе амаль незаўважнага дадатку да пенсіі.
Па словах Зіменкі, новыя беларускія банкноты не маюць нацыянальнага пасылу:
"Бачна, што беларускія дызайнеры да новых грошай не датыкаліся. Бачны схаластычны еўрапейскі прыём. Помнікі архітэктуры... Гэтыя грошы не нацыянальныя. Можна іх Літве прапанаваць, і тыя пагодзяцца. Няма нацыянальнага мэсэджу, які быў у нашых грошах. Бо паэты — сімвалы нацыі".
Самымі прыгожымі грашыма Зіменка лічыць швейцарскія франкі і старыя галандскія маркі: маўляў, вось — узор арыстакратычнай элегантнасці. Еўра, кажа мастак, таксама цікавыя сваёй ідэяй: намаляваныя вокны і масты, якіх няма ў рэчаіснасці, каб "ніхто з еўрапейцаў не атаясамліваў свае архітэктурныя славутасці з грашыма".
Цяпер часам з'яўляюцца навіны пра тое, што беларускія грошы ўзору 1993-га года можна набыць на аўкцыёнах у Амерыцы. Аляксандр Зіменка кажа, што гаворка ідзе не пра грошы, а пра ўзоры (на банкнотах няма нумароў) — такія былі падрыхтаваныя для рэгіянальных аддзяленняў Нацбанка, каб з імі азнаёміліся супрацоўнікі перад непасрэднай працай.
Куды падзеліся банкноты (а іх было каля ста мільёнаў), мастак дакладна не ведае. Па яго звестках, частка была знішчаная, частка недзе захоўваецца. Кажуць, банкнот надрукавалі на 20 мільёнаў долараў.