Айцішнік заклікае выбаркамы да сумленнасці, Ярмошына раіць ім не чытаць сацсеткі
Вось што Канстанцін Канопка піша сябрам УІК
Мінскі айцішнік Канстанцін Канопка прапануе шукаць у сацсетках сяброў выбарчых камісій і папярэджваць іх пра недапушчальнасць фальсіфікацый на выбарах. Ніякіх абраз, ніякага булінгу — толькі перасцярога ад парушэння закона.
— Ёсць спісы сяброў УВК [участковых выбарчых камісій. — Еўрарадыё]. Можна знаходзіць гэтых людзей у "Аднакласніках", ва "УКантакце" ці ў "Фэйсбуку". Я зрабіў інфармацыйную паштоўку "Не ўкідвай, не малюй, лічы сумленна. Удзел у фальсіфікацыі выбараў — сур'ёзнае злачынства", якую проста можна адправіць у паведамленні, — тлумачыць Еўрарадыё сутнасць ініцыятывы Канстанцін Канопка.
Ён паспеў адправіць паштоўку ўжо 150 супрацоўнікам выбарчых камісій. Праўда, большасць праігнаравала яго паведамленні. Толькі пара чалавек адказала ў духу: "Добра, дзякуй".
— Да маёй ініцыятывы далучыліся некалькі чалавек. Наша задача — інфармаваць, а не пагражаць. Калі ў адказ хамяць, не рэагуйце, а вазьміце на заметку такога чалавека і яго ўчастак. Тут, як мне здаецца, высокая імавернасць парушэння закона. Потым абавязкова праверым гэты ўчастак, — дадае Канстанцін.
Цікавае супадзенне: на наступны дзень пасля таго, як Канстанцін агучыў сваю ідэю на партале dev.by, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына параіла сябрам выбарчых камісій у выбарны перыяд не заходзіць у сацсеткі. Ярмошына заявіла, што выбарчая кампанія складваецца так скандальна, што супрацоўнікі УВК не адчуваюць сябе абароненымі "ні маральна, ні фізічна".
— Я прашу вас, калегі, на гэты час — я маю на ўвазе сяброў участковых выбарчых камісій — перапыніць усялякія зносіны і выхады ў сацыяльныя сеткі, пакуль яны вас не знішчылі канчаткова. Прынамсі, вашу самаацэнку, — сказала 22 ліпеня кіраўніца ЦВК.
Таксама яна заклікала сяброў УВК выкарыстоўваць тыя рэсурсы, якія даюць інфармацыю, але не ацэньваюць іх дзеянні. "Вы абавязкова павінны быць вольныя. Толькі гэта дасць вам магчымасць спакойна працаваць у выбарчай кампаніі", — дадала Ярмошына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.