Бабарыка даў інтэрв'ю з-за кратаў: у краіне — вайна хунты супраць часткі народа

Бабарыка даў інтэрв'ю з-за кратаў: у краіне — вайна хунты супраць часткі народа

У Беларусі ідзе вайна уладнай верхавіны, абапертай на сілавы блок, супраць часткі народа. Пра гэта палітвязень Віктар Бабарыка заявіў у інтэрв'ю з-за кратаў для Deutsche Welle.

Гаворача пра сітуацыю ў краіне, Бабарыка адзначыў, што большасць навін ён атрымлівае з Беларускага тэлебачання, "а яго прагляд можна прыраўняць да маральных катаванняў".

Як і перад выбарамі, ён кажа, што масавых рэпрэсіяў у Беларусі няма. "Але нават у такім становішчы магу сказаць, што тое, што адбываецца ў нашай краіне, нельга назваць масавымі рэпрэсіямі. Фактычна, гэта вайна ўладнай верхавіны, якая абапіраецца на ваенна-сілавы блок, а значыць — хунты, супраць часткі свайго народа. І нават не важна, якой па колькасці гэтая частка з'яўляецца — большасцю або не. Самае страшнае, што яна закранае ўсе слаі насельніцтва", — заяўляе Бабарыка.

Ён перасцерагае, што гэтая вайна можа ператварыцца ў грамадзянскую. Да гэтага, на думку Бабарыкі, могуць падштурхнуць два моманты: "Па-першае, спешнае падвядзенне пад свае дзеянні заканадаўчай базы праз узмацненне жорсткасці пакарання за простае выказванне меркавання. А па-другое, уцягванне ў барацьбу простага грамадзянскага народа (чыноўнікаў, дзяржслужбоўцаў, работнікаў камунальнай гаспадаркі і гэтак далей), вымушаных выконваць загады і службовыя абавязкі, уступаючы ў сутыкненне з такімі ж грамадзянамі краіны".

Экс-прэтэндэнт на прэзідэнцкае крэсла нагадвае, што індывідуальная адказнасць за свае дзеянні ўсё адно застанецца. І гэта не столькі крымінальны пераслед, колькі ацэнка нашчадкаў. "У жыцці не сустракаў ніводнага чалавека, які б ганарыўся продкамі, якія ўдзельнічалі ў гвалце супраць простых людзей", — кажа Бабарыка.

Бабарыка прапаноўвае ацэньваць падзеі ў краіне не як барацьбу супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а як барацьбу "за новую Беларусь, за лепшага чалавека, за будучае шчаслівае жыццё — не толькі нашае, але і будучых пакаленняў".

Адказваючы на пытанне, чаму за паўгода не ўдалося змяніць уладу ў Беларусі, ён кажа, што рэжым — гэта не адзін чалавек, а "сукупнасць людзей, гатовых жыць у атмасферы хлусні і вымушанай бездапаможнасці. Гэта аналаг добраахвотнага асобаснага рабства, якое не памірае пры знікненні рабаўладальніка. Чалавек не становіцца вольным па загаду або дазволу зверху".

Ніхто не чакаў, кажа Бабарыка, што ў цэнтры Еўропы ў XXI стагоддзі ўлады будуць так жорстка рэагаваць на такія агульначалавечыя каштоўнасці, як самапавагу, права на праўду і мірны пратэст. Таму цяпер беларусы перажываюць посттраўматычны шок.

Далейшае развіццё сітуацыі, на думку экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду, магчымае толькі па двух варыянтах. Альбо гэта будзе новая Беларусь, эканамічна і палітычна незалежная, альбо краіна фактычна спыніць сваё незалежнае існаванне, увайшоўшы ў арбіту чыйго-небудзь "свету".

"Выбіраць адну з гэтых дарог давядзецца бліжэйшым часам — эканоміка не дазволіць доўга зацягнуцца цяперашняму стану. Калісьці было сказана вельмі дакладна: "Палітыка ёсць канцэнтраванае выяўленне эканомікі". Таму крайняя кропка — 2025 год, але хацелася б думаць, што гэта фантастычна доўгі тэрмін. Я за першы варыянт", — заявіў Бабарыка.

Віктар Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА КДБ з сярэдзіны чэрвеня 2020 года. Яго вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры. Разгляд яго справы пачнецца ў Вярхоўным судзе 17 лютага. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі