Прадалі зямельны ўчастак палітвязня Віктара Бабарыкі ў Лагойскім раёне
З пабудоваў там ёсць толькі лазня
Прадалі зямельны ўчастак палітвязня Віктара Бабарыкі ў вёсцы Мачаны ў Лагойскім раёне (у 20 кіламетрах ад сталіцы). Ён мае плошчу 0,75 гектара і прызначаны для вядзення прыватнай падсобнай гаспадаркі. З пабудоваў там ёсць толькі лазня. 31 ліпеня ўчастак прадалі на электронным аўкцыёне за 331 647 рублёў (стартавы кошт — 152 тысячы). У таргах удзельнічалі пяць чалавек.
Раней з аўкцыёнаў прадалі аб'екты нерухомасці іншых апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку кватэры палітвязня Сяргея Ціханоўскага і палітуцекача Валерыя Цапкалы.
Экс-старшыня праўлення "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка планаваў балатавацца ў прэзідэнты на выбарах 2020-га. Але быў затрыманы ў чэрвені яшчэ да моманту рэгістрацыі кандыдатаў. З таго часу ён за кратамі. У зняволенне трапіў і яго сын Эдуард, які кіраваў выбарчай кампаніяй бацькі. Бабарыка-старэйшы асуджаны на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў "атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай", а таксама ў "здзяйсненні фінансавых аперацый са сродкамі, атрыманымі злачынным шляхам". Віктар Бабарыка сваю віну не прызнаў. Эдуарда Бабарыку асудзілі на 8 гадоў зняволення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.