Бабіна лета скончылася ці яно наперадзе?

Бабіна лета скончылася ці яно наперадзе?

Якім будзе кастрычнік і ўвогуле восень? Еўрапейскія сіноптыкі маюць рацыю, калі кажуць, што сёлетняя зіма — найхаладнейшая за апошнія сто гадоў? На гэтыя і іншыя пытанні Еўрарадыё адказвае начальнік аддзела кароткатэрміновых прагнозаў Белгідрамета Аляксандр Бяганскі.

Пакуль, па папярэднім прагнозе ,нічога незвычайнага ў кастрычніку не чакаецца. З першага працоўнага дня на Беларусь змесцяцца атмасферныя франты з Заходняй Еўропы, якія прынясуць дажджы, узмацненне ветру. Тэмпературны фон не зменіцца. У сярэднім па краіне ўначы будзе ад 3-х да 9-ці цяпла, удзень на паўночным усходзе +8 +10, на паўднёвым захадзе — да +16-ці.


Бабіна лета — перыяд цёплага ўстойлівага надвор'я ў межах антыцыклону пасля зацягнутага перыяду халоднага надвор'я з дажджамі. Перадапошнія выхадныя верасня акурат можна назваць бабіным летам. Бабіна лета звычайна прыпадае на верасень ці першую палову кастрычніка.


Калі ўсе летнія месяцы прасуміраваць і вывесці сярэднемесячную тэмпературу, то лета апынулася такім, якім мусіць быць: роўна кліматычная норма. Таму, што першыя два месяцы, мякка кажучы, былі не асабліва летнімі, усе успрынялі яго як анамальнае. Але статыстыка кажа, што ўсё было згодна з нашым кліматам. 


Наш клімат — пераходны ад марскога да кантынентальнага. То бок, яму ўласцівыя рысы і аднаго і другога. Калі б у нас быў тып клімату Паўночнай Афрыкі, дзе ў асноўным спякотна і суха, то 27 сонечных дзён было б мала. Але мы маем характар надвор'я, якое часта змяняецца. І тыдзень добрага надвор'я — амаль свята. У нас такі тып клімату, і трэба да гэтага спакойна ставіцца. 


Мы не складаем доўгатэрміновых прагнозаў. І ўвогуле, на ўсёй постсавецкай прасторы іх ніхто не робіць за выключэннем адной расійскай навуковай арганізацыі.


Навукова абгрунтаваных тлумачэнняў пад прагноз еўрапейскіх кліматолагаў пра самую халодную зіму за апошнія сто гадоў складана падабраць. Белгідрамет такой інфармацыяй не валодае, такіх прагнозаў не складае. Магчыма, еўрапейцы маюць нейкую ўнікальную інфармацыю, якая дазваляе ім рабіць такія высновы. Але, гэта не тое што складана, гэта практычна немагчыма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі