Банкір і франт: што вядома пра кіраўніка БелВЭБ Васіля Мацюшэўскага

Васіль Мацюшэўскі / архіўнае фота Дзмітрыя Брушко
Васіль Мацюшэўскі / архіўнае фота Дзмітрыя Брушко

Беларускія сілавікі сур'ёзна ўзяліся за банкіраў. У пачатку сакавіка затрыманы нязменны кіраўнік Прыёрбанка Сяргей Касцючэнка, а 29 сакавіка — кіраўніцтва банка БелВЭБ, які ўваходзіць у топ-5 у Беларусі па актывах. Затрымлівалі і старшыню праўлення Васіля Мацюшэўскага — коратка расказваем, чым ён цікавы.
 

Дасведчаны банкір

Васіль Мацюшэўскі родам з Оршы. Маці працавала на заводзе, бацька ўзначальваў транспартную спецбазу. У яго ёсць сястра — яна пайшла ў лекары.

А вось сын сям'і Мацюшэўскіх пайшоў на "палітэканомію" ў Белдзяржуніверсітэт. Пазней, у 1995-м, абараніў кандыдацкую дысертацыю па асновах знешнеэканамічнай дзейнасці краіны. Але з навукай жыццё не звязаў — пайшоў на дзяржслужбу. Яшчэ ў пачатку 1990-х працаваў у структуры МЗС, але дайшоў толькі да пасады трэцяга сакратара. А ў часе вучобы ў аспірантуры перайшоў у Нацбанк.

Банкир и франт: что известно о главе БелВЭБ Василии Матюшевском
Злева — юны Мацюшэўскі, справа — куртка з "Пагоняй", у якой ён працаваў у будатрадах / сямейны архіў Мацюшэўскіх, "НН"

У рэгулятары Мацюшэўскі прапрацаваў да 2010 года, толькі зрабіў год перапынку, каб пабыць дарадцам міністра фінансаў Мікалая Корбута.

У Нацыянальным банку Мацюшэўскі заўсёды ў рознай ступені адказваў за знешнія сувязі і валютнае рэгуляванне. Гэтыя "зоны адказнасці" захаваў і дайшоўшы да пасады намесніка старшыні праўлення, але яго "пераманілі" ў прыватны сектар: у 2010-м ён узначаліў БПС-Ашчадбанк. Прапрацаваўшы там чатыры гады, пайшоў ва ўрад — адразу ў першыя віцэ-прэм'еры.
 

Лічбавая эканоміка, жорсткія адказы дэпутатам

Ва ўрадзе Мацюшэўскі курыраваў эканоміку і фінансы. Хтосьці на гэтай пасадзе дзяжурна выконвае даручэнні зверху і "не высоўваецца", але тут усё выйшла інакш. Сярод усіх сябраў урада Мацюшэўскі моцна вылучаўся: дагледжаны, заўсёды ў стыльных касцюмах. Плюс — выдатнае рэнамэ: свабоднае валоданне англійскай, дыплом Лонданскай школы бізнесу (атрымаў у 2012-м).

Менавіта Мацюшэўскі актыўна "рухаў" пераўтварэнні ў эканоміцы. І ў чымсьці дамогся поспехаў: падрыхтаваныя з яго ўдзелам дэкрэты "Аб развіцці прадпрымальніцтва" і "Аб развіцці лічбавай эканомікі" былі прынятыя. Па пасадзе ён удзельнічаў і ў спробе выйсці з валютнага крызісу 2014–2015 гадоў — спрацаваў у тандэме з кіраўніком рэгулятара Паўлам Калаурам, яшчэ адным рыначнікам і рэфармістам.

Вылучаўся сярод чыноўнікаў ён не толькі рэформамі і (у добрым сэнсе) франтаватасцю. У часе мерапрыемстваў у парламенце Мацюшэўскі часта не хаваў іроніі і сарказму ў адказ на самыя дурныя пытанні — напрыклад, на тое, ці не "лопне" лічбавая эканоміка. Такая манера зносін сярод беларускіх чыноўнікаў — у навінку.

Ва ўрадзе ён пратрымаўся каля чатырох гадоў. У жніўні 2018-га яго, як і ўвесь урад Андрэя Кабякова, адправілі ў адстаўку пасля выпадку з "абасранай каровай".

Тады Мацюшэўскі вярнуўся ў прыватны сектар і ўжо праз пару месяцаў узначаліў БелВЭБ.

 

Стыль і сувязі

Вылучаўся Мацюшэўскі і сваёй спадарожніцай жыцця — бізнес-лэдзі і свецкай ільвіцай Наталляй Кандраценка, якая выдавала глянцавы часопіс і не саромелася весці прыгожае жыццё. Дарэчы, у 2003-м яна прадстаўляла Беларусь на конкурсе "Місіс свету". У якім статусе яны цяпер — невядома.

Банкир и франт: что известно о главе БелВЭБ Василии Матюшевском
Наталля Кандраценка / instagram.com/kult_by

Да сабе ў банк Мацюшэўскі "прыцягнуў" некалькіх вядомых персон. Так, адну з даччыных арганізацый узначаліў экс-амбасадар у Кітаі Кірыл Руды. Пасаду ў БелВЭБ атрымаў і былы віцэ-прэм'ер Васіль Жарко, а адзін з намеснікаў старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны перайшоў да Мацюшэўскага і стаў яго намеснікам.

Кажуць, у Мацюшэўскага выдатныя сувязі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі — у той жа Расіі. Але, нягледзячы на пэўныя чуткі, ні ў якай "крамоле" заўважаны не быў.

Прынамсі, да сакавіка 2022-га. Пакуль няма дакладнай інфармацыі пра тое, чаму сілавікі зацікавіліся кіраўніцтвам банка. Паводле інфармацыі "Нашай Нівы", Мацюшэўскага падазраюць у "злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі". Таксама выданне адзначае, што ўночы на 30 сакавіка ён выйшаў на волю — мяркуецца, што для таго, каб знайсці грошы на пакрыццё "шкоды". Ніякай афіцыйнай інфармацыі няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі